17 верасня 1939 года. Што гэта было?

Узнікаюць спрэчкі пры абмеркаванні пытання ўз’яднання беларускіх земляў 17 верасня 1939 году, калі СССР і Нямеччына распачалі Другую сусветную вайну сумесным падзелам Польшчы. Успомнім, як гэта адбывалася.

Калі зірнуць на тыхчасовую сітуацыю ва Ўсходняй Еўропе, то можам ўспомніць пра цікавасць палякаў да тэрыторый ЧСР, і менавіта да гораду Цешын, абшары вакол якога былі багатыя жалезнай рудой . Перад гэтым, 26 студзеня 1934 г. была падпісаная дамова аб ненападзе паміж Польшчай і Нямеччынай, якая дапамагала палякам пачувацца даволі ўпэўнена. Супрацоўніцтва паміж краінамі адбывалася ў розных галінах: нават у гэтым самым 1934 годзе дэкрэтам прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масіцкага, на Берасцейшчыне, у Бярозе-Картузскай, быў створаны канцрагер па ўзору нямецкіх лагяроў, у якім утрымліваліся абвінавачаныя ў антыдзяржаўнай дзейнасці, сярод якіх між іншым былі лідэры беларускага нацыянальнага руху. (Папярэдне польскі ўрад афіцыйна з трыбуны Лігі Нацый адмовіўся ад “Трактата аб нацыянальных меншасцях” з Версальскай дамовы і потым прыняў закон “Аб ізаляванні грамадска-небяспечных элементаў”).

У 1936 г. міністр замежных справаў Польшчы Бек на сваім выступе ў сейме запатрабаваў ад ЧСР у якасці ўмовы нармалізацыі двухбаковых стасункаў перадачы палякам горада Цешына. У Польшчы адначасова праводзіліся дэманстрацыі з патрабаваннямі рэвізіі існуючых межаў. З Катавіцаў на чэшскія тэрыторыі транслявалася радыёстанцыя, заклікаючая гэтыя землі павярнуцца дадому.

У 1938 годзе, 30 верасня, у выніку падпісання Мюнхенскай дамовы частка тэрыторый ЧСР была перададзеная Нямеччыне. На наступны дзень польскі ўрад накіраваў у Прагу патрабаванне аб перадачы Цешына Польшчы, і на выкананне патрабавання былі дадзеныя суткі. ЧСР выканала ўмовы і перадала землі сваёй паўночнай суседцы. (Пасля гэтага Чэрчыль пачаў называць Польшчу “гіенаю”).

А 23 жніўня 1939 г. ужо СССР падпісаў з Нямеччынай дамову аб ненападзе, больш вядомую пад назвай “Пакт Молатава-Рыбентропа”. Гітлер трохі раней за Сталіна напаў на Польшчу, але хутка і Сталін увёў свае войскі ў гэтую краіну. Адбылася гэтая падзея 17 верасня (у гэты ж дзень нямецкія войскі акурат узялі Берасцейскую крэпасць у палякаў). Адначасова з гэтым урад СССР перадаў палякам ноту, ў якой былі наступныя словы: “Савецкі ўрад ня можа гэтак жа абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, пражываючыя на тэрыторыі Польшчы, кінутыя на волю лёсу, засталіся безабароннымі. Згодна з гэткай абстаноўкай савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандванню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыцці і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі“. У выніку вайсковага паходу савецкіх войскаў да БССР былі далучаныя Баранавіцкая, Беластоцкая, Берасцейская, Вілейская ды Пінская вобласці. А ў Берасці 22.09.1939 г. адбылася афіцыйная працэдура перадачы горада, захопленага нямецкімі войскамі, савецкаму боку. Перадача адбылася паводле дакумента “Vereinbarung mit sowjetischen Offizieren über die Überlassung von Brest-Litowsk” (“Дамова з савецкімі афіцэрамі аб перадачы Брэста-Літоўскага”). Падчас яе прайшоў сумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў. Фашысты святкавалі разам з камуністамі.

Савецкі плакат 1939 г.

З першага дня панавання новых “гаспадароў”, згодна з сакрэтнай пастановай ЦК УКП (б) пачаўся працэс саветызацыі далучаных тэрыторый. Жыхары адчулі на сабе жахі сталінскіх рэпрэсій. Арыштоўвалі людзей сярэдняга класу, арыштавалі абсалютна ўсіх чыноўнікаў мясцовай улады, адвакатаў, суддзяў, натарывусаў, кіраўнікоў грамадскіх арганізацый, нават ляснікоў. Закрылі ўсе рыма- і грэка-каталіцкія храмы. Са студзеня 1940 г. пачаліся дэпартацыі, ў выніку якіх 20% насельніцтва Заходняй Беларусі апыгулася ў лагерах Сібіры, Казахстану, Поўначы, вялікая колькасць людзей у тых умовах загінула, альбо была растраляная.

Якія спрэчкі могуць ўзнікнуць у гэтай тэме? Звычайна гэта пытанне, як ставіцца да самой падзеі, прыхільна ці адмоўна. У выніку хтосці займае бок палякаў, а хтосці становіцца на бок СССР. На якім баку быць літвінам-беларусам, дзе праўду шукаць? Лагічны адказ: на сваім, палягаючым на сваіх нацыянальных інтарэсах. Варта ўлічваць, што мы ў тыя часы былі падзеленыя паміж усходнім і заходнім суседзямі, апетыты якіх да суседніх тэрыторый добра вядомыя з гісторыі. Таму, што тычыцца падзей 17.09.1939 г. у Заходняй Беларусі, там быў адзін чужынец “гаспадар”, а прыйшоў на замену іншы чужынец “гаспадарыць”. У гэтым сэнсе не выпадае свядомаму грамадзяніну прытрымлівацца савецкай ці польскай пазіцыі. Але можна паглядзець на гэтыя падзеі і пад іншым кутом. Што было б, калі б не было ўз’яднання-1939? Мяркую, лёгка здагадацца, гледзячы на той самы Беласток. У 1939 г. працэнт беларусаў сярод насельніцтва ў Беластоку быў вышэй, чым ў Гародні. Куды зніклі беларусы ў Беластоку? Магчыма, калі б Заходняя частка не вярнулася б да нас у 1939 г., на гэтых землях нас усіх бы ўжо асімілявалі.

Таму кожнаму з нас самому вырашаць, як ставіцца да гэтай складанай праблемы. І лепш вырашаць згодна з сумленнем.

На галоўную старонку