"Гамафобы", "абаронцы правоў чалавака" і хрысціяне

Айцец Пятро Балог ОР, дырэктар Інстытуту св.Томаша Аквінскага, выклаў у доступ фрагмент сваёй кніжкі “Вера шукае разумення”, якая ў гэтым (2019) годзе пабачыла свет у выдавецтве “Кайрос”.

Увосень 2017 г. у адной са школаў брытанскага графства Оксфардшыр 27-гадовага настаўніка матэматыкі Джошуа Саткліффа адхілілі ад працы за тое, што ён памылкова назваў на занятках дзяўчынку дзяўчынкаю. Бо яна лічыць сябе хлопчыкам. Дзіця паскардзілася бацькам, а тыя падалі скаргу да школьнай адміністрацыі — і настаўніка пакаралі. Ён намагаўся неяк абыходзіць узгадванні пра пол той дзяўчынкі, не называючы яе “ён” ці “яна”, але ўрэшце папаўся; хвалячы за добра выкананае заданне яе ды яшчэ адну вучаніцу, сказаў: “Добрая праца, дзяўчаткі!” — і гэтага аказалася дастаткова.

Крыкуны пра ўціскі “людзей з іншым полам” і пра тое, як яны ад гэтага пакутуюць, здаецца, увогуле не бяруць да ўвагі пакуты тых, хто з гэтымі людзьмі сутыкаецца і выпадкова штосці кажа не так. Джошуа — хрысціянін; з яго словаў, яму складана было перабароць сябе ды называць дзяўчынку “ён”, і ён яе ўвогуле ніяк не называў. Таму раней ці пазней мусіў прайграць. Калі гаворыш, што белае гэта белае, а табе са ўсіх бакоў кажуть, што чорнае, і нават пагражаюць звальненнем, — ты альбо прыладкоўваешся, альбо абараняеш праўду. І пакутуеш. Але ўсім пляваць на твае пакуты. Урэшце “абаронцы правоў чалавека” абараняюць “прыгнечаных” — якія, аднак, сапраўды пакутуюць і патрабуюць асаблівага падыходу, а не ўпэўневанняў у тым, што з імі не адбываецца нічога такога і што яны здаровыя, як усе іншыя, бо проста “свет разнастайны”. Ну, як 2+2 — гэта не заўсёды 4, можа быць і 5, і 3, і ўвогуле што заўгодна. Галоўнае — не нашкодзіць тым, хто лічыць, што 2+2 гэта не 4…

“Ня важна, кім ты нарадзіўся; важна, кім ты сябе лічыш” — гэта, калі коратка, сутнасць пэўнай ідэалогіі, за непавагу да якой ў некаторых краінах пагражае звальненне ці нават вязніца. А яшче, вядома, ярлык “гамафоб”.

Нікому нібы і ў думках і не прыйдзе, што чалавек увогуле можа сябе лічыць кім заўгодна, але гэтае яго меркаванне не заўсёды мае нешта агульнае з рэальнасцю, гэта значыць, што гэта ёсць звычайнаю няпраўдаю. І нязгоду з гэтаю няпраўдаю — пад выглядам “барацьбы з гамофобіяй” — караюць і пераследуюць. Але ж людзі здатныя памыляцца! Хтосці можа лічыць сябе Напалеонам, але, з усёю павагаю да яго, ён — не Напалеон.

Так, ёсць генетычныя парушэнні, якія выкрыўляюць уяўленні чалавека пра яго пол (прыблізна 60 “палоў” ужо налічылі ў свеце, калі не болей); але калі іх пачалі кваліфікаваць як норму? Пры гэтым усіх, хто лічыць гэта не нормаю, а, менавіта, парушэннем, ахвотна называюць гамафобамі.

Тым больш, што часам такія парушэнні часовыя, выкліканыя, магчыма, асяродкам, а не генэтыкаю. Але “абаронцы правоў чалавека” хуценька ўстаюць на абарону такога кагосці, падтрымліваючы на гэтай “новай цудоўнай дарозе жыцця”. Вось што піша асоба, якой, на шчасце, атрымалася пазбегнуць такіх “абаронцаў”: “Я ў пэўны момант лічыла сябе хлопчыкам. Было неяк, у пэўны перыяд, і я жыла ў Даніі, дзе напрыклад дзецям адразу даюць гармоны і робяць аперацыі. Жах, не ўявляю, як бы потым шкадавала, калі б гэта зрабіла. Бо я цяпер не хачу адчуваць і не адчуваю сябе хлопчыкам”.

Нехта скажа: “Што вам зрабілі геі, ці трансгендэры, ці яшче якія “нетрадыцыйныя” асобы, навошта ўмешвацца ў іхняе жыццё?” Вядома, калі б нічога не зрабілі, то над гэткім запытаннем варта было б задумацца. Праблема, аднак, у тым, што ўмешваюцца якраз да “традыцыйных”, караючы за іншую думку ды нават за выпадковую “памылку” ў называнні пола. Часам тым “традыцыйным” сапраўды цяжка пераадолець сябе, каб называць хлопца дзяўчынаю, а дзяўчину — хлопцам, калі інфармацыю, якую яны атрымліваюць ад вачэй, вушэй і здаровага глузду, ставяць пад сумніў. Але ж для кожнага чалавека прынцыпова, каб рэчы былі названыя сваімі імёнамі; брэхун называе чорнае белым ці кажа, што 2+2=22, бо яму так здаецца, і ён вельмі церпіць, калі з ім не пагаджаюцца.

Альбо яшчэ запытваюцца: як гэта можа зашкодзіць вам і вашым дзецям, навошта вы так пра гэта хвалюецеся? Як, напрыклад, гэта зашкодзіла таму настаўніку? Пытанне рытарычнае. Ён, відавочна, павінен быў “сядзець і не рыпацца». Але чаму ўсіх, хто мае іншае ўяўленне пра пол, называюць “гамафобамі”? Ці яны ўжо ня маюць права выказваць свае думкі?

Можна было б сказаць, што калі ўжо Бог стварыў людзей такімі, то трэба пагадзіцца з Яго воляй і не супярэчыць ёй, у прыватнасці і праз нянавісць да “нетрадыцыйных”. Вядома, нянавісць да такіх людзей нязгодная з навучаннем Царквы: гэта такія самыя дзеці Божыя, як і ўсе іншыя. Аднак гаворка тут пра назву, а не пра самую асобу. З іншага боку, нялюбоў і нянавісць да так званых “гамафобаў” бачым пастаянна, і яны становяцца ўсё больш і больш моцнымі.

Так, чалавека стварыў Бог, а не д’ябл; але ж у нейкі таямнічы спосаб людзі хварэюць, а нехта нават з хваробаю нараджаецца. Аднак гэта не мусіць быць падставаю, каб лічыць, што нібы такая асоба ня хворая толькі таму, што яе стварыў Бог і патрэбна яе любіць. Праблема, менавіта, палягае ў змешванні ўсяго: асобы ды яе ўчынкаў, чалавека ды яго граху, свабоды самавыяўлення ды хваробы ці парушэнняў.

Усё часцей кажуцть таксама пра тое, што гэтая “інакшасць” — аніўякім разе не парушэнне, а проста разнастайнасць. А таму — хто даў права называць яе хваробаю? Узгадваюць, напрыклад, Трэці Рэйх, дзе “нетрадыцыйных” забіралі да канцлагяроў, і вынікае аналогія, што ўсе, нязгодныя з нармальнасцю такой разнастайнасці, — нацысты. Але ёсць некалькі праблемаў. Па-першае, тут закладеная яшче адна маніпуляцыя. Нацысты ня толькі называлі “нетрадыцыйнасць” хваробаю, але таксама здзекваліся з такіх асобаў і забівалі іх у лагерах. Тойбок дзейнічалі абсалютна насуперак законам як людскім, так і Божым. А па-другое, хто пастанавіў лічыць генетычнае парушэнне “не хваробаю”? І чаму караюць за тое, што нехта называе хлопца хлопцам, а дзяўчыну — дзяўчынаю? Гэта такая форма абароны ад “гамафобаў” — звальняць з працы тых, хто лічыць, што ў гэтым свеце ёсць толькі два пола? Тут ўжо гаворка пра абарону праз прыніжэнні іншадумцаў. І хто тады нацыст?

Складаней пытанне з людзьмі, якія нарадзіліся гермафрадытамі, тойбок маюць і мужчынскія, і жаночыя палавыя ворганы. Ёсць таксама псеўдагермафрадыты — гэта калі знешнія палавыя ворганы не адпавядаюць унутраным. Што рабіць з гэтым і як да гэтага ставіцца?

Гермафрадытызм — таксама не норма, і вучоныя апісваюць яго як парушэнне сэксуальнага развіцця. Вядома, “абаронцы правоў чалавека” з гэтым катэгарычна не пагаджаюцца. На маю думку, варта пачакаць, выбраўшы адзін з палоў. Паступова ў кагосці выяўляецца, што гэта быў псеўдагермафрадытызм, у некаторых гармоны належнага полу перамагаюць парушэнне ў дарослым узросце. У некаторых выпадках магчымае хірургічне ўмяшанне, асабліва ў выпадках псеўдагермафрадытызму; часта ў такіх людзей рэальны пол праяўляецца ў сталым узросце, калі нармальная дзейнасць гармонаў змушае функцыянаваць унутраныя ворганы.

Але што рабіць да “сталага ўзросту”? Не даваць чалавеку грамадзянскіх правоў? Магчыма, адзінае лагічнае вырашэнне — зазначаць (амаль часова) нявызначанасць полу. Нешта падобнае абмяркоўвалася ў Нямеччыне ўвосень 2017 г.; навокал гэтага ўзнікла шмат выступаў, а навіны распавядалі пра ўвядзенне “трэцяга полу”.

Грамадзянскія правы надаюць канкрэтна “мужчыне” альбо “жанчыне”. Менавіта, пазначэнне, нават умоўнае, што асоба паводле полу мужчына ці жанчына — гэта і ёсць наданне грамадзянскіх правоў. Інакш трэба прыдумляць “трэці”, ці “нейтральны”, ці яшче які пол, заканадаўча падцягваючы пад яго правы. І які будзе вынік? Туалеты, распранальні, спартыўныя спаборніцтвы, манастыры (?) для “трэцяга полу”… Суцэльны балаган. А калі і іншія запрагнуть для сябе індывідуальных туалетаў, распраналень, спаборніцтваў?

Так, гендэр — гэта ня толькі біялогія. Ня можна, як кажуць крытыкі класічнага падыходу да палоў, зводзіць усе да прыроды, тойбок да фізіялогіі. Гендэр — гэта сувакупнасць розных адзнак, у прыватнасці псіхалагічных і сацыяльных. Аднак біялогія, а дакладней фізіялогія, ёсць фундамантам гендэру. Калі адыйсці ад гэтага аб’ектыўнага чынніка ў суб’ектыўны бок — хто як адчувае, каму як здаецца, у каго якая нарэшце “арыентацыя”, — то нібыта вырашаем “праблему” канкрэтнай асобы (і даволі сумніўна, ці правільна вырашаем), але атрымліваем цэлую масу грамадскіх пытанняў: бацькі й дзеці ў сям’і, ідэнтыфікацыя дзіцяці з бацькам і маці, рэлігійнія, маральныя, антрапалагічныя, палітычныя праблемы і г. д..

Гэтая справа палягае нават ня ў тым, кім хто сябе адчувае, а ў тым, што пэўныя групы ціснуць на большасць, каб такія суб’ектыўныя адчуванні вызнаць за аб’ектыўныя і замацаваць заканадаўча, караючы за невызнаванне гэтай з’явы як грамадскай ці нават медыцынскай нормы. І тут надзвычай відавачна, што нехта зацікаўлены ў тым, каб размыць паняцце “сям’я”, “мужчына”, “жанчына”, “дзеці”, “бацькі” і г. д.. Іншымі словамі, з выключэнняў хочуць зрабіць правіла ды караць за ягонае недатрыманне. І ўсё пад прыкрыццём “абароны правоў чалавека”. Быццам хтосці з годных грамадзянаў кепска ставіцца да людзей з пэўнымі анамаліямі, сіндромам Давуна, непаўнаспраўнасцю ці іншымі, у прыватнасці псіхічнымі, парушэннямі.

Мы можам і мусім прыняць такіх людзей такімі, якімі яны ёсць. Хітрасць у тым, што іх прапануюць успрымаць не як кагосці, хто патрабуе апекі, дапамогі, лекавання ці яшчэ чаго-кольвек, але як нармальных і здаровых. Царква пастаянна нагадвае пра неабходнасць пашаны да кожнай асобы, незалежна ад яе асабістых поглядаў, рэлігіі ці “арыентацыі” — але таксама выразна падкрэслівае, што здаровае грамадства складаецца з мужчын ды жанчын, што дзеці нараджаюцца ад таты ды ад мамы і ў такой сям’і маюць быць выхаванымі, урэшце, што Бог стварыў мужчыну і жанчыну. Сцісла кажучы, патрэбна з павагаю ставіцца да асобы, да грэшніка, да іншага, да кожнага, незалежна, як той сябе паводзіць, — аднак адначасова памятаць пра маральнае навучанне Царквы ды пра тое, што пэўныя ўчынкі з гэтым навучанням ня згодныя.

Іншая справа ў тым, як звязаць гендэрныя пытанні з хрысціянствам і са Святым Пісьмом у прыватнасці. Нехта лічыць, што ў Бібліі нічога канкрэтнага пра гэтае не напісана. Пазіцыю Пісання што да нетрадыцыйнай арыентацыі паказвае нават не так Стары Запавет, як Новы. “Садом” — гэта такая пашыраная жахалка, як і “ананізм”, хаця Анан са Старога Запавету быў засуджаны не за ананізм, а за нежаданне працягваць род. Дык калі ўжо цытаваць Стары Запавет адносна нетрадыцыйных стасункаў, варта звярнуцца да прамога запавету з кнігі Лявіт: ” Не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю: гэта мярзота. ” (Ляв 18,22). Грэх ананізму непрыемны з погляду на новазапаветнае навучанне пра тое, што нашыя целы — гэта храм Святога Духа: “Хіба ня ведаеце, што целы вашыя – чэлесы Хрыстовыя? Дык вось, ці адны чэлесы ў Хрыста, каб зрабіць іх чэлесамі распусьніцы? Хай ня будзе! Альбо ня ведаеце, што той, хто паруецца з распусьніцаю, робіцца адным целам зь ёю; бо сказана: «двое будуць адна плоць». А хто яднаецца з Госпадам, ёсьць адзін дух (з Госпадам). Унікайце распусты; усякі грэх, які ўчыняе чалавек, ёсьць па-за целам, а распусьнік грэшыць супраць свайго цела. Ці ня ведаеце, што целы вашыя – храм Сьвятога Духа, Які ў вас жыве, Якога маеце вы ад Бога, і вы не належыце сабе? Бо вы куплены дарагою цаною. Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія – Божыя.” (1Кар 6, 15-20).

У Новым Запавеце пра нетрадыцыйную арыентацыю і тых, хто яе практыкуе, выразна вучыть апостал Павел: “Хіба ня ведаеце, што няправедныя Царства Божага не спадкуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блудадзеі, ні балвахвалы, ні пералюбцы, ні ганебцы, ні рукаблуды, ні мужаложцы, ні ліхазьдзірцы, ні зладзеі, ні п’яніцы, ні ліхасловы, ні драпежнікі – Царства Божага не спадкуюць. І такімі былі некатроыя з вас, але абмыліся, але асьвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага. Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, але нішто не павінна валодаць мною.” (1Кар 6, 9-12).

Ці ў іншым пасланні: “дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы; яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін. Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае; гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.” (Рым 1, 24-27).

Нарэшце, у Пасланні да Цімафея: “А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім, ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам, блудадзеям, мужаложцам (чалавеказьдзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і ўсяму, што супроць здаровага вучэньня, згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана.” (1Цім 1, 8-11).

Вядома, апостал Павел, акрамя мужаложцаў, тойбок гомасэксуалаў, пералічвае таксама іншыя грахі. Чаму тады да ліхасловаў, п’яніц ды абжораў стаўленне мягчэйшае, чым да мужаложцаў? Гэта “звычайныя” грахі, і я ня чуў, каб хтосці заклікаў лякуваць ці аточваць асаблівым рупленнем людзей, якім яны ўласцівы. Магчыма, Царкве варта таксама ўспрымаць ЛГБТ-асобаў, як і ўсіх іншых, грэшных і недасканалых, але роўных? А з іншага боку, ці гэтыя запаветы апостала Паўла яшчэ актуальныя, калі іншыя — нашэнне хусткі ці наказ жанчынам маўчаць у храме — актуальнасць ужо згубілі? (погляд аўтара-каталіка).

Стаўленне Царквы да ўсіх грэшнікаў падобнае: з павагаю ды міласэрдзем ставіцца да асобы, але звяртаць увагу асобы на грэх і наступствы грэшнага жыцця. Знешнія адрозненні мужаложцаў са спіску выкліканыя тым, што некаторыя “абаронцы правоў” намагаюцца назваць іхнія дзеянні нормаю, а не грахом. Ані п’яніцы, ні злодзеі, ні абжоры не ходзяць парадамі, прапагандуючы свой лад жыцця і вымагаючы ад грамадства вызнаць яго за нармальны. Іх адрозніваюць, бо яны самі прагнуць адрозніцца ад іншых.

Што да актуальнасці навучання… Сапраўды, Павел прамаўляў да канкрэтнай супольнасці, якая мела тэрміновыя праблемы. Аднак Царква вызнала яго пасланні натхнёнымі і лічыць іх часткаю свайго навучання. Некаторыя справы ці праблемы ўсёж былі лакальнымі ці часовымі, але іншыя сталі ўніверсальнымі.

Хтосці, вядома, можа запытаць, наколькі дарэчныя зараз правилы, якім 2000 гадоў? Ці робяць яны людзей лепшымі, ці дапамагаюць прыйсці да Хрыста? Зрэшты, Царква закансерваваная — ці жывая? Каб даць адказ на пытанне, варта ўзгадаць, што не навучанне апостола Паўла састарэлае, а хутчэй “правілы гомасэксуальнасці”, якім значна больш за 2000 гадоў: яны былі яшчэ да Хрыста, між іншым і у Старажытнай Грэцыі, а зараз іх проста спрабуюць адрадзіць як норму. Таму гэта ніякая не прагрэсіўнасць. А з іншага боку, ці гомасэксуальныя практыкі дапамагаюць прыйсці да Хрыста? Ці ўзмацняюць яны хрысціянскія сем’і і выхаванне дзяцей у бацькоў? Зноў жа ж, запытанні рытарычныя.

Іншы аргумент, які даволі часта з’яўляецца ў дыскусіях што да “нармальнасці ды прыроднасці” гомасэксуальных сувязяў, гучыць прыкладна так. Да Хрыста прыводзяць не правілы, а любоў, як кажа Ён сам. І чаму не дапусціць, што гэтыя людзі сапраўды любяць адно аднаго? Ці можам мы зазірнуць ім у душу ды сказаць на 100%, што ёсць паміж імі, блуд ці любоў? Акрамя таго, традыцыйныя сем’і часам бываюць такімі жахлівымі, што благаслаўляць гэта ды запавядаць браць прыклад — язык не варочаецца. Хіба не магчыма, што той адказ, які Царква паўтарае апошнія тысячы гадоў, і прывёў да росту і ціску меншасцяў на “гамафобаў”?

Аргумент пра любоў, здаецца, павінны паставіць усе кропкі над “і”. Але і блудадзей, зраджваючы, часта любіць каханку, а яна яго, — і гэта ўсім сэрцам, і гэта ў іх сур’ёзна! Таксама і дарослы педафіл можа любіць непаўнагадовую дзяўчынку, ці хлопчыка. Калі гэта любоў, нават шчарая, стала нагодаю дазваляць штосці, лічыць апраўданым і нармальным?

У рэшце рэшт, у святле маральнага навучання Царквы любоў не апраўдвае сувязі ня толькі паміж геямі, але й паміж мужчынам і жанчынай, калі яны не знаходзяцца ў шлюбе, гэта значыць, не аб’яднаныя ў Таямніцы шлюбу, але жывуць разам. Таму тут Царква аднолькава ставіцца і да “традыцыйных”, і да “нетрадыцыйных”.

Тым часам спасылаюцца на “жудасныя традыцыйныя сем’і” як аргумент на карысць нетрадыцыйных, а гэта стары і недазволены спосаб маніпуляцый. Гэта як бы даказвае, што лепш мець добры скрадзены аўтамабіль, чым свой, але дрэнны, які ўвесь час ламаецца. Такія маніпуляцыі часта выкарыстоўваюць дзеля ўсынаўлення: лепш жыць у “годнай гей-сям’і”, чым у паталагічнай традыцыйнай. Ці, напрыклад, як можна асудзіць выхаванне дзяцей дзвюма лесбіянкамі, калі так шмат дзяцей выхоўваюцца толькі жанчынамі: бабуляй з мамай, ці проста мамай? Гэты папулісцкі метад “параўнання дрэннага з горшым” заўсёды з’яўляецца выйгрышным. Але супрацьстаўленне ненармальнага стану з ненармальным – гэта маніпуляцыя.

Так, ёсць паталагічныя сем’і з мужчынамі і жанчынамі; так, дзяцей выхоўваюць самі маці. І вось тут перад Царквой вялікая задача: развіваць у сем’ях любоў, узаемную павагу, узаемадапамогу, прабачэнне, цярплівасць, аднадушнасць, ахвярнасць і шмат чаго іншага. У адваротным выпадку сем’і спакушаюцца, што “лепш мець бацькоў-геяў, чым алкаголікаў”.

Сумніўна таксама сцвярджэнне пра тое, што гэта рэпрэсіўны адказ Царквы прывёў да і ціску з боку меншасцяў. Напрыклад, у Даніі прадстаўнікам ЛГБТ усе дазволена, у тым ліку і шлюбы, ніхто іх не павінен уціскаць. А яны ўсе адно штогод ладзяцьь прайды. Навошта? Самі адказваюць: агітаваць прыезжых-мусульманаў. Тойбок яны не за свае правы, аказваецца, змагаюцца і не дзеля сябе робяць тыя парады, а дзеля агітацыі, дзеля іншых. Зрэштаю, большасць удзельнікаў прайдаў — гэта ня геі, а звычайныя актывісты на зарплатах, чыя праца – звычайнае прасоўванне прапаганды.

У выпадку, пра які шла гаворка на самым пачатку, справа была больш у абароне правоў настаўніка, чым у правах “дзяўчынкі-хлопца”, і бяз гэтага абароненых. Вось гэта і непакоіць. Бо навучанне Царквы даволі выразнае: ёсць мужчыны ды жанчыны, шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, дзяцей павінны выхоўваць яны. Калі асоба лічыць сябе кімсці, кім яна ня ёсць, гэта яе прыватная справа; але калі праз гэта атакуюць іншых людзей, змушуючы падпарадкоўвацца такім поглядам (бо нават святароў змушуюць даваць шлюб у храме такім парам, а за адмову пагражаюць судом), гэта сапраўды непакоіць і выклікае абурэнні ды супраціў. І гэта якраз абуренні праз парушэнні правоў чалавека на свабоду веравызнання і думкі.

Кожнае дзеянне параджае супрацьдзеянне. Хрысціяне таксама павінны даваць рады, каб абараняць свае правы. Галоўнае рабіць гэта па-явангельські, памятаючы, у прыватнасці, словы Хрыста: “Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго». А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых; каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных. Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі? І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі? Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.” (Мт 5, 43-48). Тут не ідзе гаворка пра тое, што “нетрадыцыйныя” — гэта ворагі. Наадварот, яны такія самыя дзеці Айца Нябеснага, як і ўсе іншыя. Мова, хутчэй, пра агрэсіўных “актывістаў” і так званых “абаронцаў правоў”. Іхнім дзеянням супраць правоў і свабодаў “традыцыйных”, асабліва навешванню ярлыкоў кшталту “гамафоб” ці “фашыст”, належыць рашуча супрацьстаяць, — але заўжды мудра і ў рамках як законаў краіны, так і Евангельля.

Права кожнага чалавека павінны быць абароненымі. Аднак нельга маніпуляваць, называючы парушэнні ці хваробы правамі чалавека. Гэта хіба — змагацца за “права хварэць” ці “права мець парушэнне”, у тым сэнсе, каб абараняць такі стан, зацвярджаць ды вызнаваць яго нормаю. І таксама памылкова свае прыватныя погляды ці фантазіі, асабліва што да сябе самога, выдаваць за аб’ектыўныя, а тым, хто іхняй аб’ектыўнасці не вызнае, пагражаць караю ці судом. Такі падыход ня мае нічога супольнага ані з людскім правом, ані з Божым, ані з логікаю ўвогуле. Гэта, як бы веруючыя падавалі ў суд на атэістаў за тое, што тыя не вызнаюць аб’ектыўнасці іхніх рэлігійных перакананняў. Гэта быў бы такі ж самы абсурд. Верыць можна ў што заўгодна, але вера не можа быць навязанаю ці быць пагрозаю для іншых ды іхняй свабоды.

Гледзячы на апошнія трэнды ў заходнім грамадстве, якія мала агульнага маюць з сапраўднаю навукаю ці этыкай, а вельмі шмат агульнага — з ідэалогіяй і часта з агрэсіяй да іншадумцаў, можна меркаваць, што в будучым нас чакаюць яшчэ не адныя дэбаты, спрэчкі, канфлікты ці нават адкрыць супрацьстаянне з гэтай нагоды. Аднак ня можна знявервацца ў найвышэйшай грамадскай каштоўнасці сям’і, тойбок супольнасці жонкі, мужаа ды іхніх дзяцей. І гэтая супольнасць патрабуе абароны. Размовы пра тое, што традыцыйным сем’ям “нічога не пагражае”, адцягваюць увагу і намагаюцца прыменьшыць атаку ідэолагаў на звычайную, нармальную людскую сям’ю. Аднак толькі ў такіх сем’ях можна спадзявацца на будучыню для свету, у тым ліку і заходняй цывілізацыі, дзе ўсведамленне гэтага сёння, здаецца, намагаюцца знішчыць.

Крыніца: Facebook

На папярэднюю старонку.

На галоўную старонку