Карта паляка ў кішэні “літвіна”

Узаемадачыненні паміж Беларуссю і Польшчай маюць розныя праяўленні. Напрыклад, розныя сумесныя праэкты, як Праграма трансмежавага супрацоўніцтва (ПТС), TV “Белсат”, таксама ініцыяваны польскім бокам праэкт “карта паляка”, закон аб якой пачаў дзейнічаць у 2008 г.

Палякі па-рознаму ставяцца да літвінаў-беларусаў. У Польшчы нярэдка можна пачуць заклікі да вяртання “Крэсаў усходніх” – тэрыторыяў, якія быццам павінны належыць палякам. Іх цікавяць Віленшчына, Гарадзеншчына, Берасцейшчына, Заходняя Ўкраіна (літвінская Беласточчына ў складзе Польшчы ўжо моцна спаланізаваная). Амбіцыі паходзяць з часоў Рэчы Паспалітай абодвух народаў, калі пад палітонім “паляк” падпадалі ўсе жыхары канфедэрацыі. (Адам Міцкевіч у сваім “Пане Тадэвушы” называе ўсіх жыхароў Рэчы Паспалітай палякамі, а ўласна палякаў – мазурамі).

“Львоў і Вільню памятаем”, напісана на плакаце у польскіх нацыяналістаў.

Польшча даўно выдаткоўве фінансы на розныя праэкты на “крэсах”. У краіне актыўна ствараюцца шматлікія пляцоўкі па вывучэнню польскай мовы, настойлівасць у польскасці праяўляе і Каталіцкі Касцёл на Гарадзеншчыне. Шмат праэктаў дзейнічае ў рамках “дапамогі суайчыннікам”. Адзін з такіх праэктаў – масавая выдача “картаў паляка” на тэрыторыях былога СССР (з 1999 г. прынятая папраўка, паводле якой дзейнасць па распаўсюджванню карты пашыраецца на ўвесь свет). Гэты праэкт існуе дзеля “паглыблення ўзаемадзеяння, падтрымкі культурных, этнічных, крэўных і моўных каштоўнасцяў польскага народу”. Што дае карта? Магчымасць лягчэй атрымаць польскую візу, матэрыяльную дапамогу, магчымасці заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ці навучаннем у Польшчы. Напэўна, ў кожнага з нас можа знайсціся знаёмы, які пачаў звацца “палякам” дзеля магчымасцяў, якімі прываблівае атрыманне карты. Таму для простага абывацеля-матэрыяліста карта ў кішэні – досыць прыемная рэч. Паводле дадзеных вядомага блогера Эдуарда Пальчыса на 07.02.2020 г. менчукі ўсё часцей мяняюць сваю нацыянальнасць на польскую, а за 10 гадоў картапалякамі сталі больш за 130.000 грамадзянаў нашае краіны.

Канешне, сярод гэтых людзей сапраўды прысутныя этнічныя палякі. Але, як піша на “Нашай Ніве” Кастусь Шыталь, працэс распаўсюду картаў з’яўляецца фікцыяй, шмат для каго выгоднай. Бо ў выніку шмат хто пераяжджае ў Польшчу. Хтосці з продкаў чалавека быў запісаны калісці ў дакументах палякам. Але запісы часоў ІІ Рэчы Паспалітай таксама штат у чым з’яўляюцца фікцыяй. Цалкам з артыкулам К. Шыталя можна азнаёміцца тут.

Зараз Беларусь прымае ўдзел у праграме “Усходняе партнёрства” (ПУП). Праграма сама па сабе выгадная і спрыяе развіццю эканомікі краіны, але размова зараз не пра гэта. Неабходнаю ўмоваю далейшага ўдзелу Беларусі ў праграме партнёрства Варшава лічыць захаванне правоў польскай нацыянальнай меньшасці на “крэсах”. Але ніхто не кажа, адкуль у нас з’явілася такая колькасць палякаў, бо нявыгадна казаць пра паланізацыйныя працэсы на нашых землях. У выніку, чым большая колькасць літвінаў-беларусаў запішацца палякамі, тым больш нагодаў будзе ў Варшавы патрабаваць стварэння ў нас польскае аўтаноміі.

Аўтаномія – гэта права нейкай часткі пэўнай дзяржавы на самастойнае вырашэнне сваіх унутраных пытанняў. У выпадку з нацыянальнымі меньшасцямі звычайна ствараецца тэрытарыяльная форма аўтаноміі, якая мае пэўныя прыкметы дзяржаўнасці. Асаблівасцю еўрапейскага погляду з’яўляецца ўспрыманне аўтаноміі, як формы рэалізацыі ідэі дэмакратычнага плюралізму. Дэмакратызацыя прадугледжвае магчымасць для грамадзянаў аўтаноміі прымаць удзел у інстытутах непасрэднай дэмакратыі – рэферэндумах (А рэферэндумы – гэта геапалітычная зброя ва “ўмелых руках”, з дапамогай якой можна і межы мяняць). Таксама прадугледжваецца права фармавання сваіх уладных структураў з кампетэнцыяй самастойнага вырашэння лакальных пытанняў.

Дакументы ААН, АБСЕ па пытаннях аўтаномій і нацменьшасцяў, а таксама акты ПАСЕ дазваляюць казаць аб сфармаваных міжнародных стандартах тэрытарыяльнай аўтаноміі, утрымліваючых пэўныя прынцыпы і гарантыі, звязаныя з рэалізацыяй нацыянальных меньшасцей права на аўтаномію. Падмуркам гэтых стандартаў з’яўляюцца міжнародныя гарантыі ў галіне абароны правоў меньшасцяў, а таксама прынцыпы рэгулявання ўнутрыдзяржаўных канфліктаў, узнікаючых на падставе міжэтнічных альбо міжрэлігійных стасункаў. Паступовае павелічэнне колькасці карт, раздадзеных новым суайчыннікам, робіць магчымыя прэтэнзіі Польшчы, якія датычаць ўтварэння польскай аўтаноміі ў Літве-Беларусі, усё больш магчымымі.

Зразумела, што падобныя гульні, якія праводзіць Польшча з нацыянальнымі пытаннямі, павялічваючы колькасць сваіх суайчыннікаў ў Беларусі, могуць для нас скончыцца і польскай аўтаноміяй, і масавым выдаваннем польскіх пашпартоў, а гэта прывядзе да наступстваў, якія цяжка спрагназаваць. У сярэднявеччы і да нядаўняга часу было так: спачатку нейкая дзяржава (ці княства, ці іншае ўтварэнне) заваёўваюць сабе новыя землі, а ўжо потым пачынаюць нішчыць культуру заваяванага народу, насаджаючы яму сваю. Так было і ў нашай гісторыі, бо і дагэтуль у большасці мы размаўляем расейскаю. Але зараз войны сталі гібрыднымі. Навошта ваяваць кулямі і ракетамі, калі можна перамагчы простым прасоўваннем сваёй культуры, у выніку чаго асіміляваны народ сам уздыме рукі ў гору і прыпаўзе на каленках, каб толькі яго прынялі новыя браты па крыві і культуры. Прыгледзьцеся да тых пэўных працэсаў унутры краіны якімі звычайна кіруюць з-за мяжы: павялічэнне ўплываў на свядомасць народу з мэтаю зменаў прыярытэтаў на ментальным узроўні ў пытаннях патрыятызму. І наш народ у гэтых падзеях выглядае слабым і кволым, бо забыўся на сваю гісторыю. Але каго ў гэтым вінаваціць? Варта задумацца пра зусім элементарныя рэчы: што для нас важнейшае? “Коробка печенья и банка варенья”, альбо элементарная самапавага, элементарная любоў да СВАЁЙ Бацькаўшчыны і СВАІХ суайчыннікаў? На чыім баку я?

Падстаронкі:

На галоўную старонку