Падпісанне Крэўскай вуніі

Асабістыя стаўленні да пытання Крэўскай вуніі ў літвінаў могуць быць цалкам супрацьлеглыя, таму варта спыніцца на гэтай падзеі (тэкст дакумента тут).

Увогуле, можна падзяліць гісторыю ВКЛ на два перыяды: перад Крэўскай вуніяй, калі ВКЛ праводзіла цалкам самастойную палітыку, і пасля яе, калі пачаўся паступовы заняпад Літвы.

Ішоў 1385 год. Ініцыятыва Польскага каралеўства па аб’яднанню з ВКЛ пачала паступова рэалізоўвацца. Да гэтай ініцыятывы прывёў наступны збег акалічнасцяў. Па-першае, у Польшчы пасля смерці Казіміра Вялікага перарвалася каралеўская дынастыя Пястаў. Трэба было шукаць новага караля. Па-другое, палякаў ціснулі крыжакі. Польшча ўжо страціла Сялезію і Памеранію, згубіла выхад да мора, таму шукала магчымасці камперсаваць страты сваіх тэрыторый. ВКЛ было значна меньш шчыльна заселенае, чым Польшча, таму падыходзіла пад экспансіяністскія планы палякаў. Па-трэцяе, у Літве быў пэўны крызіс улады. У Альгерда было 12 сыноў ад двух жонак, і ў яго брата Кейстута было 6 сыноў. Гэта значна ўскладняла пытанне спадкаемства вялікакняскага пасаду. Палякі бачылі непазбежнасць барацьбы Вітаўта ды Ягайлы, бо апошні не жадаў аддаваць брату Троцкае княства, а яны маглі яго падтрымаць, каб скарыстацца з сітуацыі. Па-чацвёртае, на ўсходзе мацнела і станавілася ўсё больш небяспечным Маскоўскае княства. А супраць Масквы і крыжакаў прасцей было б супрацьстаяць разам.

Ягайла баяўся папулярнасці свайго дзядзькі Кейстута. “Летапіс вялікіх князёў літоўскіх” паведамляе нам аб тым, як Ягайла запрасіў Кейстута з сынам Вітаўтам у госці, схапіў іх і кінуў у вязніцу Крэўскага замку. Там Кейстут быў задушаны, а Вітаўт часова ўцёк у Прусію.

Палякі даўно змагаліся з крыжакамі і вучыліся ў іх хітрасці. Крыжакі рабілі свае заваявальныя выправы, прыкрываючыся хрысціянствам. Бог даў Маісею дзесяць запаветаў, сярод якіх запавет “Не забівай”. Але зусім не вера кіравала крыжакамі, яны неслі смерць пад выглядам каталіцтва, сутнасць якога не разумелі, але вельмі выгадна для сябе выкарыстоўвалі. Дык вось, калі крыжакі “апраўдвалі” свае набегі неабходнасцю “распаўсюджвання веры”, дзейнічаючы “крыжам і мячом”, то палякі ўзялі за стратэгію атрымання новых тэрыторыяў дзеянне “крыжам і вуніяй”. Адначасова распаўсюд лацінскага каталіцтва ў Літве ставіў пад сумніў напады крыжакаў, бо крыжакі лічылі акаталічванне сваёю місіяю (Яны нават беспаспяхова спрабавалі давесці папе аб незаконнасці шлюбу Ядвігі і Ягайлы, каб не губляць вонкавыя матывы для нападаў). Хрысціліся пагане, перахрышчваліся праваслаўныя. Так, праваслаўны Вітаўт стаў каталіком пасля таго, як атрымаў ад Ягайлы Берасце ды Горадню.

Ядвига з Ягайлам.

Першы крок у вуніі – узвядзенне на польскі каралеўскі пасад Ягайлы, якому прапанавалі шлюб з чатырнаццацігадовай каралевай Ядвігай. Так Ягайла стаў каралём нашых суседзяў. А ўжо 14 жніўня 1385 г. у Крэве, у прысутнасці дэлегатаў ВКЛ, Польшчы і Вугоршчыны, адбылося падпісанне вуніі. Згодна з умовамі, Ягайла ўзяў на сябе наступныя абавязкі: Усімі магчымымі сродкамі вярнуць Польшчы страчаныя тэрыторыі і таксама далучыць да яе рускія землі, прыняць каталіцтва, перавесці Літву на лацінскі альфабэт. Пры гэтым войскі, заканадаўства, суд, скарбніца і межы заставаліся ў дзвух краін сувярэннымі. некаторыя даследчыкі параўноўваюць гэтыя падзеі з актам капітуляцыі мацнейшай Літвы перад слабейшай Польшчай.

Крэўскі замак

Канчатковае зацвярджэнне Крэўскае вуніі адбылося 11.01.1386 у Ваўкавыску, там былі выпрацаваныя ўмовы саюзу: агульны гаспадар, сумесная абарона, сумеская дыпламатыя, але асобныя мясцовае кіраванне, фінансы і войскі. 12 лютага 1386 г. Ягайла пераехаў у Кракаў, 15-га – прыняў каталіцкі хрост, 18-га – павянчаўся з Ядвігай. 4-га сакавіка быў каранаваны на караля Польшчы. Пачаўся гістарычны этап павялічэння польскага ўплыву на ВКЛ. Каталіцкая шляхта атрымала большыя правы і вольнасці, што само па сабе запачаткавала канфлікты на канфесійнай глебе і пачало скіроўваць позіркі прадстаўнікоў праваслаў’я ў бок Масквы. (Гэтыя сімпатыі да ўсходняга суседа зробяць яшчэ благую справу ў далейшым лёсе Літвы). Таксама вунія дазволіла атрымаць важную перамогу над крыжакамі пад Грунвальдам, што ліквідавала пагрозу з боку Тэўтонскага вордэну.

У 1398 г. Ядвіга звярнулася да Вітаўта з патрабаваннем выплаціць 200.000 фларынаў адкупных. На сойме ў Луцку Вітаўт казаў аб гэтым: “Мы не рабы Польшчы; продкі нашыя ніколі не плацілі даніну. Мы людзі свабодныя і нашаю кроў’ю набылі гэтую зямлю”. Такі адказ атрымала Ядвіга, грошы засталіся нявыплачаныя.

У 1392 г. Вітаўт атрымаў ад Ягайлы ўладу над Літвой.

Некаторыя даследчыкі лічаць Вунію проста паперкай. Доўнар-Запольскі называў яе “мёртванароджанаю”, бо ВКЛ працягвала жыць сваім жыццём і ну ніяк не хацела інкарпаравацца ў Польшчу, аддаваць ёй сваю незалежнасць. Была нават спроба Вітаўта атрымаць карону, дараваную рымска-германскім імператарам і асвечаную папаю. Але палякі разумелі, што каранацыя Вітаўта канчаткова зробіць Літву незалежнай ад Польшчы. “Князь вялікі Вітаўт хацеў ускласці на сябе карону, але яго непрыяцелі ляхі не прапусцілі яе, – адзначае летапіс, – і таму ён не ўсклаў на сябе карону” .

9 верасня 1403 г. рымскі папа Баніфацый ІХ выдаў булу, у якой забараніў крыжацкія паходы супраць Вялікага Княства Літоўскага. Але фактычна крыжацкія паходы скончыліся толькі пасля перамогі аб’яднаных літоўскіх і польскіх войскаў над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве 1410 года.

Дзейнічала вунія на працягу 184 гадоў, у 1569 г. была падпісаная Люблінская вунія, якая яднала краіны ў канфедэратыўную манархію.

Як бачым, пытанне Крэўскае вуніі ўтрымлівае ў сабе як адмоўныя, так і пазітыўныя моманты. Не варта нам спрачацца, якіх момантаў больш, а якіх меньш. Варта памятаць урокі гісторыі, каб зноў не наступаць на тыя ж граблі ў сучаснасці і ў будучыні.

Падстаронкі:

На галоўную старонку