Нацыянальнасць

Літвіны – вельмі старажытны народ. Вядомы антраполаг, доктар біялагічных навук А. І. Мікуліч у сваім даследванні 2005 году “Беларусы ў генетычнай прасторы. Антрапалогія этнасу” піша, што папуляцыі карэнных жыхароў Беларусі вядуць свой радавод безперапынна ня меньш чым 130-140 пакаленняў, а значыць самае позьняе – з сярэдзіны ІІ ст. да Н. Э.. Значыць, наш этнас старэйшы за амаль што ўсе сучасныя еўрапейскія этнасы.

У ВКЛ паняцце “літвін” мела два значэнні. Паходзіла назва адпачатку з рэгіёнаў Наваградчыны, Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Меншчыны. Гэтае рэгіянальнае азначэнне народу пачало пашырацца адначасова з пашырэннем тэрыторыі Літвы, і захоўвалася ў некаторых рэгіёнах Беларусі ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Потым, у працэсе далучэння да Літвы новых земляў, літвінамі пачалі называць усіх жыхароў ВКЛ (і цяперашніх украінцаў, і цяперашніх летувісаў). Гэта азначае, што літвінамі былі не толькі жыхары сучаснае Беларусі, але і ўсё астатняе насельніцтва ВКЛ. Гэта было хутчэй палітычнае акрэсленне, ужыванае ў больш шырокім значэнні.

У сувязі з гэтым, можам пачуць меркаванне, што саманазва літвін не належыць толькі беларускаму народу, яна агульная для ўсіх народаў, што жылі ў ВКЛ. (Хаця для цяперашніх летувісаў гэта не перашкода, узялі сабе і ўсё тут). Але гэта слабы аргумент. Калі мы жылі ў СССР, замежнікі ўсіх савецкіх людзей называлі “рускімі”, бо “рускія” былі дамінуючай нацыяй, якая некалі захапіла іншыя народы. У гэтым сэнсе тэрмін “рускія” меў палітычнае акрэсленне. Прыкладна тое ж самае адбывалася ў ВКЛ: дамінуючы народ даваў сваю саманазву іншым народам, якія жылі ў краіне (таксама палітычнае акрэсленне). Калі ж вярнуцца да больш вузкага разумення тэрміну “літвіны”, то можна ўпэўнена сказаць, што ад нас пайшла гэтая назва. Таму, па справядлівасці, менавіта сённяшнія беларусы маюць на яе правоў больш за іншых. Некаторыя кажуць, што такая назва ўжо ёсць у нашых паўночных суседзяў, таму нам змяняць яе нельга. Але ж слова “Літва” мае славянскае паходженне і не адпавядае правілам летувіскай мовы, таму нашыя паўночныя сябры называюць сваю краіну Lietuva (Ліетува). Ды й чаму мы павінны некага пытацца, каб вярнуцца да праўдзівае назвы?

Літвін - палітонім ці нацыянальнасць?

Гэта не азначае, што, калі мы заўтра памяняем назву краіны і нацыянальнасці, то ўсё адразу стане добра. Не. Бо, каб такое адбылося, народ павінен быць унутрана гатовы прыняць такую змену. Распальванне канфліктаў на гэтую тэматыку, мякка кажучы, зусім не спрыяе справе вяртання да каранёў. Падобная праца па вырашэнню канфліктаў і пашырэнню нацыянальнай свядомасці патрабуе руплівасці ды ўзаемапавагі. Ці гатовыя мы да гэтага?

Канешне, можна пайсці больш простым шляхам, пакінуўшы ўсё, як ёсць. У гісторыі ёсць прыклады, калі краіны пакідалі за сабою назву, якая засталася ад былых заваёўнікаў. Напрыклад, Венгрыя (Hungary ), ад турэцкага” Onogur “. Назва засталася з тых часоў, калі венгры ўваходзілі ў склад анагурскай імперыі. “Оn ogur” са старатурэцкай перакладаецца, як “дзесяць плямёнаў”, адным з якіх былі мадзьяры, жыхары тагачасных тэрыторыяў сучаснай Венгрыі. Францыя атрымала назву ад старажытнага германскага народу – франкаў, альбо, па іншай версіі, ад старажытна-германскага слова “франкон” – “дзіда ці сякура франкаў”, вядомая як “франціска”. Албанцы сваю краіну называюць ” Shqipëria ” альбо ” Shqipnija” у залежнасці ад дыялекту, з албанскага гэта “краіна арлоў”. Але па-за межамі краіны засталася старая назва “Албанія”, якая мае грэцкае паходжанне, бо грэкі называлі гэтую вобласць “Albaētia” альбо “Arbanētia”, гэтая назва азначала з грэцкай “вёска” ці “гара”. Магчыма, ёсць і іншыя прыклады. Гэтыя дзяржавы паспяхова будуюць сваё жыццё, нягледзячы на знешнія паходжанні сваіх назваў.

Таму пытанне, ці вяртацца да сваёй слаўнай назвы, можа вырашацца толькі тады, калі народ саспее да гэтага. Маем вялікі кавалак працы адукацыйна-патрыятычнага зместу, у якой трэба пазбягаць разбуральных метадаў дзейнасці, якія могуць прынесці ў народ падзел. Калі ж грамадства так і не саспее “вярнуцца да Літвы”, то тады мы застанемся з назваю, якая штучна прыйшла да нас з усходу.

На галоўную старонку