Беларусы ў генетычнай прасторы (Антрапалогія этнасу)

ГЛАВА 1. Гістарычныя аспекты генетычнай пераемнасці і эпахальнай стабільнасці.

Прысвячаю мудрай вясковай жанчыне, дарагой маці Лідзіі Леваш-Мікуліч.

Этнічнымі прыкметамі, паводле “Антрапалогіі” П. Тапінара (1879 г.) з’яўляюцца тыя асаблівасці, якія ўзнікаюць з прычыны аб’яднання людзей паміж сабою пад уплывам разнастайных матывацый: грамадскіх патрэбаў, індывідуальных мэтаў і г. д. Яго сучаснік А. Бастыян пад этнічным вобразам народу меў на ўвазе культурна спецыфічны лад. І. Дэнікер у 1902 г. называў этнічнымі групамі народы, нацыі ці плямёны, якія адрозніваюцца паміж сабой мовай і жыццёвымі паводзінамі (традыцыямі).

У пачатку 1950-х гадоў пры падрыхтоўцы ў СССР шматтомнай серыі “Народы свету” этнічная тэрміналогія атрымала шырокае навуковае абгрунтаванне. Былі ўведзеныя ў навуковы ўжытак новыя катэгорыі: этнічная самасвядомасць, этнічная геаграфія, этнічная гісторыя, этнічная антрапалогія ды іншыя. Распрацоўка катэгорый этнасу працягвалася да канца 1960-х гадоў.

Пазней тэрмін “этнас” у сэнсе “народ” быў заменены тэрмінам “этнічная супольнасць” розных таксанамічных узроўняў, ад метаэтнсу да субэтнасу. Цяпер, калі кажуць аб этнасе, то акрамя сацыяльнага і культурнага аспектаў ўлічваюць таксама расавыя і генэтычныя асаблівасці. Пад катэгорыяй этнасу звычайна разумеюць этнічныя супольнасці ў выглядзе папуляцый [Папуляцыя – сукупнасць людзей, якая доўгі час займае пэўную прастору і якая аднаўляе сябе ў вялікай колькасці пакаленняў] – гэта значыць этнакультурных груп з агульным паходжаннем і антропа-псіхалагічнымі асаблівасцямі. Пры гэтым для такіх групаў абавязковыя наступныя прыкметы: тэрытарыяльна арганізаваная адасобленасць, падабенства мовы і адпаведная самасвядомасць.

Біялагічнай асновай этнічнай папуляцыі з’яўляецца яе генафонд – сукупнасць спадкаемнай інфармацыі, зашыфраванай у генэтычных структурах арганізмаў. Згодна з дакладным і вычарпальным вызначэннем Ю. Рычкова, генафонд – гэта геаграфічна размеркаванае і гістарычна ўпарадкаванае мноства генаў. Яно ўтрымліваецца самасвядомасцю чалавечай папуляцыі ў межах арэала [Арэал – вобласць распаўсюджвання на зямной паверхні тых ці іншых народаў (этнасаў, плямёнаў) або відаў жывёлаў], аднаўляецца ёю (папуляцыяй) у пакаленнях, падтрымліваецца сістэматычнымі і стохастычнымі [Стохастычнасць – выпадковасць] сіламі эвалюцыі ў дынамічнай раўнавазе з навакольным асяроддзем, якое ўмяшчае ў сябе папуляцыю і яе змяняе. [Генофонд и геногеография народонаселения. М., 2000, с. 9.]

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў беларускія антраполагі ажыццяўляюць інтэнсіўныя этнагенэтычныя і антрапалагічныя даследаванні. Асабіста мяне цікавяць праблемы біялагічнай і гістарычнай антрапалогіі беларускага і суседніх этнасаў. Антрапалагічная праграма нашых даследаванняў у апошняе дзесяцігоддзе дапоўнілася вывучэннем папуляцыйных дадзеных на аснове высокапаліморфных [Палімарфізм – наяўнасць у межах аднаго віду жывых істот (напрыклад, людзей) асобін, рэзка адрозніваючыхся па абліччу і генатыпе (напрыклад, прадстаўнікі розных рас)] маркераў [Маркер – адзнака, паказальнік] мітахандрыяльнай ДНК, Y-храмасомы, а таксама 14-й, 17-й, 19-й і іншых храмасом. [У супрацоўніцтве з малекулярнымі генэтыкамі Беларусі, Украіны, Расіі і Польшчы, пры навуковай падтрымцы Лабараторыі генэтыкі чалавека Інстытута агульнай генэтыкі РАН (Ю. Рычкоў), кафедры антрапалогіі Інстытута і музея антрапалогіі МДУ (В. Якімаў, Т. Аляксеева), аддзела антрапалогіі Інстытута этналогіі і антрапалогіі РАН (Г. Дзябец, В. Бунакен, В. Аляксееў), Інстытута і кафедры судовай медыцыны Гданьскага універсітэта (праф. 3. Щерковска)]

Гэты матэрыял пашырае і ўдакладняе нашыя веды ў галіне этнічнай гісторыі і экалогіі чалавека. Мы звяртаем увагу як на тое агульнае, што збліжае беларусаў з суседзямі, так і на тое асаблівае, што дазваляе казаць аб сваеасаблівасці беларускага этнасу, аб яго гістарычных і генэтычных каранях.

Новая генэтыка-геаграфічная тэхналогія вывучэння прасторавай структуры генафонду дазволіла выявіць антраполага-генэтычныя асаблівасці карэнных беларусаў у іх сувязях праз мноства пакаленняў.

Вядомыя па летапісах старажытныя плямёны, бясспрэчна, пакінулі свой след у антрапалагічным абліччы сучасных беларусаў, украінцаў ды рускіх. Але сам этнагенэтычны працэс ўзнікнення гэтых плямёнаў адбываўся амаль на мяжы паміж паўднёвымі еўрапеоідамі і паўночнымі. Шматлікія гістарычныя і экалагічныя фактары (разам з лінгвістычнымі і дэмаграфічнымі) на працягу тысячагоддзяў садзейнічалі станаўленню антрапалагічных і адаптацыйных тыпаў у папуляцыях рознага ўзроўню.

Татальная папуляцыя вясковых беларусаў да нядаўняга часу ўяўляла сабой адзіны самааднаўляючыся арганізм, дзе абмен генамі ў ланцугу пакаленняў адбываўся пераважна паміж мясцовымі (карэннымі) жыхарамі. Гэты генафонд пры яго фармаванні, дзякуючы пераваге эміграцыйных працэсаў, заставаўся абароненым ад вонкавага ўплыву і значнага пранікнення генаў суседніх этнасаў. І такім чынам фенатыпы [Фенатып – сукупнасць усіх знешніх і ўнутраных прыкметаў і ўласцівасцяў арганізма, якая фармуецца ў працэсе яго індывідуальнага развіцця. Фенатып складаецца ў выніку ўзаемадзеяння спадкаемных уласцівасцяў арганізму (генатыпу) і ўмоваў жыццёвага асяроддзя, таму ён бесперапынна змяняецца] і генатыпы [Генатып – спадкаемны будынак арганізму, сукупнасць усіх яго генаў] пры ўсёй стахастычнсці генетычных працэсаў захоўвалі сваю стабільнасць.

Да апошняга часу заставалася спрэчным пытанне пра ўзрост беларускага этнасу. Некаторыя гісторыкі і этнографы лічылі яго параўнальна маладым, не больш за 4-5 стагоддзяў, што адпавядае 15-18 пакаленням (Грынблат М. Я., 1968; Бандарчык В. К., 1976; Побаль Л. Д., 1983). У якасці галоўных аргументаў на карысць такой версіі называлі нядаўнюю дзяржаўнасць (маючы на ​​ўвазе БССР), параўнальна нядаўняе найменне мясцовага насельніцтва беларусамі, а таксама нібы позняе фармаванне беларускай мовы і культуры.

Аднак палеоэтнаграфічныя матэрыялы схіляюць большасць археолагаў (Сядоў В. В., 1970 г.; Ісаенка У. Ф. 1976; Штыхаў Г. В., 1992), а таксама этнолага І. В. Наквіна (1998) да меркавання, што беларускі этнас бярэ пачатак у сярэдзіне 1-га тысячагоддзя пасля Раства Хрыстовага, а гэта эквівалентна 55-60 генерацыям [Генерацыя – пакаленне. Напрыклад, бацькі, дзеці і ўнукі з’яўляюцца трыма паслядоўнымі генерацыямі. Прамежак часу паміж нараджэннем бацькі і сына, маці і дочкі (у межах ад 15 да 30 гадоў) называюць даўжынёй генерацыі] (1375-1500 гадоў). Паводле ж нашых разлікаў па “генэтычных гадзінах”, гэты тэрмін для карэнных сельскіх папуляцыяй паглыбляецца да 130-140 пакаленняў (3250-3500 гадоў).

Першапачатковае рассяленне вясковага насельніцтва заўсёды падпарадкоўвалася у першую чаргу ландшафтным (прыродным), а затым і сацыяльным заканамернасцям. Лакальныя папуляцыі заўсёды адрозніваюцца сваёй геннай структурай, якая захоўваецца ў зададзеным прасторы рэгіянальнага генафонду. Падобная сінэргетыка хутчэй за ўсё абумоўленая неабходнасцю аптымальнага прыстасавання да навакольнага асяроддзя.

Да такой высновы нас прыводзіць выяўленая ўзаемасувязь паміж генэтычнай геаграфіяй рэгіянальных папуляцый і экалагічным раянаваннем Беларусі. Гэты факт адказвае гіпотэзе Ч. Лі (1978) аб плеятропнасці [Плеятропия – праява розных асаблівасцяў арганізма пад уздзеяннем аднаго і таго ж гена] генаў пад уплывам геафізічных і геахімічных, сацыяльных і культурных фактараў. Пры гэтым разам з генэтычнай дыферэнцыяцыяй [Дыферэнцыяцыя – падзел, расслаенне адзінай групы арганізмаў на дзве ці некалькі груп; найбольш важная дыферэнцыяцыя – утварэнне відаў] пашыраюцца антрапалагічныя адрозненні. У сваю чаргу імбрыдынг, [Імбрыдынг – скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў; пры доўгім імбрыдынгу магчымае ўзнікненне выродстваў, зніжэнне прадуктыўнасці і жыццяздольнасці асобін] не змяняючы генных канцэнтрацый, мяняе генэтычную дысперсію лакальных папуляцый.

Пачынаючы з эпохі неаліту, у 4-м тысячагоддзі да Н. Х., то бок, за сотні пакаленняў ад нас, сфармаваліся мясцовыя асаблівасці матэрыяльнай культуры. Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі спрыялі пераходу людзей да аселага ладу жыцця і новай ландшафтнай адаптацыі. У выніку замацоўваліся рэгіянальныя антрапалагічныя асаблівасці.

Таксама вядома, што ў другой палове II тысячагоддзя нашай эры адбывалася інтэнсіўнае змешванне прыхадняў з карэннымі балтамі, у выніку чаго іх генафонды ўзаемна ўзбагачаліся.

Яшчэ ў 1950-я гады Вітаўт Тумаш апублікаваў працы “балцкі элемент пры станаўленні сучаснага беларускага народу” і “Да пытання аб беларускай паўднёвай этнаграфічнай мяжы”. У іх ён пераканаўча паказаў культурную і духоўна-псіхалагічную блізкасць беларусаў да сучасных балтаў. На яго думку, славяне ня заваёўвалі тубыльцаў, а хутчэй “фільтравалі” іх праз сябе. [Вітаўт Тумаш (1910-1998) – дзеяч беларускае эміграцыі. Скончыў беларускую гімназію ў Вільні. У 30-я гады адзін з кіраўнікоў «Таварыства сяброў беларусазнаўства». У 1944 эміграваў у Нямеччыну, затым у ЗША. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ), галоўны рэдактар ​​часопіса «Запiскi» і газеты «Беларус». Узначальваў фонд імя Пятра Крычэўскага. Аўтар шматлікіх навуковых і навукова-папулярных працаў] Курганныя матэрыялы археолагаў таксама сведчаць аб тым, што славянская міграцыя ў землі балтаў не пацясніла апошніх. Палеаантрапалагічныя матэрыялы разам з археалагічнымі не супярэчаць высновам аб негвалтоўнай асіміляцыі балцкіх аўтахтонаў [Аўтахтонны – мясцовы, тутэйшы, які ўзнік у дадзеным рэгіёне] прышлымі славянамі (Сядоў В. В., 1970 г.; Салівон І. І., 1994).

Матэрыялы І. І. Салівон з палеаантрапалагічных раскопаў (каля 300 адзінак) сведчаць, што на працягу 40 апошніх пакаленняў (гэта значыць, як мінімум 12 стагоддзяў) існуе безумоўная пераемнасць асноўных расавых асаблівасцяў мясцовага насельніцтва. На падставе абагульненых выдаленняў даказана узаемапранікненне славянскіх і балцкіх антрапалагічных рысаў (Салівон І. І., 1994).

Аналагічныя высновы былі зробленыя і ў нашай сумеснай публікацыі (Мікуліч А. І., Салівон І. І., 1992), дзе быў дадаткова прааналізаваны матэрыял Т. І. Аляксеевай (1973). Такі падыход з дапамогай абагульненых фенатыпных структураў дазволіў выявіць статыстычна дакладную розніцу – па вывучаных антрапалагічны прыкметах – у першую чаргу паміж паўднёвымі украінцамі і паўночнымі рускімі. Карэнныя жыхары Беларусі, перш за ўсё яе поўначы, разам з жыхарамі Пскоўшчыны, Наўгародчыны ды Смаленшчыны па сваім марфатыпу ўпісваюцца ў круг формаў праайцоўскай папуляцыі. А паўднёвыя беларусы цалкам ідэнтычныя ёй. [Карэннае насельніцтва Пскоўскай, Наўгародскай і Смаленскай абласцей – гэта крывічы (т. б. балты), якія ўваходзяць у лік продкаў сучасных беларусаў. У адрозненне ад іх, продкамі жыхароў Уладзімірскай, Маскоўскай і Кастрамской абласцей, дзе фарміравалася так званая “вялікаруская народнасць”, былі фінскія плямёны]

Наш матэрыял заснаваны на арыгінальных антрапагенэтычных і генагеаграфічных дадзеных, атрыманых у экспедыцыйных умовах у працэсе шматгадовых экспедыцый па Беларусі і сумежных з ёю краінах. Адрозненні паміж папуляцыямі мы фіксавалі па выніках комплекснага вывучэння кожнай даследванай асобы, якое ўключала ўсталяванне беларускага вясковага паходжання не толькі яго, але і продкаў. У прыватнасці, высьвятлялася этнічнасць і месца нараджэння бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Менавіта так рэканструяваліся гістарычныя сувязі папуляцый паміж сабою, а таксама геаграфія іх узаемадзеяння з навакольным асяроддзем.

Працы Ю. Г. Рычкова даказалі, што кожная элементарная людская папуляцыя – гэта прадукт гісторыі этнасу, а значыць, і частка яго агульнай сістэмы. Такім чынам, антрапалагічныя асаблівасці лакальных папуляцый прадвызначаюцца генэтычнай якасцю самога этнасу. Зыходзячы з гэтага тэзісу, паказчыкі абагульненых біагенэтычных адлегласцяў і адрозненняў паміж сучаснымі вясковымі групамі даюць магчымасць знаходзіць сляды генэтычнай памяці папуляцый.

Працэс упарадкавання генэтычных структураў ад іх максімальнай стахастычнасці да поўнай гармоніі мае сваю храналогію. У нашым выпадку на ўзроўні этнатэрытарыяльных аб’яднаных папуляцый геаграфічна накіраваная клінальная [Клінальнасць – геаграфічная зменлівасць фізічных, фенатыпічных, генэтычных або ў цэлым антрапалагічных асаблівасцяў канкрэтных папуляцый або этнасу] зменлівасць яшчэ не назіраецца. Так, да апошняга часу адрозніваліся паміж сабою антраполага-генэтычныя тыпы насельніцтва заходняй і ўсходняй частак Беларускага Палесся. Па нашых матэрыялах, адназначная адпаведнасць ў выпадку трохкампанентнай ерархіі папуляцый выяўлена толькі ў межах экалагічных правінцый: Палескай, Цэнтральнай і Прыдзвіння.

Магчымасці папуляцыйнай генэтыкі дазваляюць вызначыць храналогію генэтыка-дэмаграфічных працэсаў. Так, на эвалюцыйную дынаміку аднолькава ўплываюць і фактары стабільнасці, і фактары развіцця. А хуткасці зменлівасці залежаць ад эфектыўнага рэпрадукцыйнага памеру папуляцый, генных міграцый і ўзроўню генэтычнай дыферэнцыяцыі.

Пасля апрацоўкі вывучаных генэтыка-дэмаграфічных параметраў і ілюстрацыйных мапаў абагульненых генэтычных ліній мы ўбачылі занальную ўпарадкаванасць ў кірунку з поўдня на поўнач, альбо з паўднёвага захаду на паўночны ўсход.

Самое генэтыка-геаграфічнае раянаванне становіцца тым дакладней, чым больш выкарыстоўваецца генных маркераў. Так, напрыклад, па двум генэтычным сістэмам (АВ0 і рэзус) былі вылучаныя 9 груп лакальных аб’яднанняў, пераважна бліжэй да перыферыі этнічнага арэала (мапа 1). Тут добра праглядаецца, згодна з канцэпцыяй В. В. Бунака, старажытны антрапалагічны пласт папуляцыйных асаблівасцяў на вывучанай тэрыторыі. Генэтычныя адлегласці, пабудаваныя па 8 локусам, [Локус – месцазнаходжанне пэўнага гена ў храмасоме] адсочваюць паступовы пераход міжпапуляцыйнай антрапагена-геаграфічнай зменлівасці ў кірунку з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Фактычна тут захоўваецца цэнтральна-усходнееўрапейская тэндэнцыя клінальнай зменлівасці антраполага-генэтычных структур. Абагульнены аналіз дазволіў высветліць, што генафонд беларусаў, а таксама жыхароў сумежных рэгіёнаў Летувы ды Расеі амаль не адрозніваюцца паміж сабою.

Максімальна выкарыстаныя намі магчымасці матэматычнай статыстыкі і генэтыка-геаграфічнай мапаграфіі дазволілі удасканаліць антрапалагічнае даследаванне сучасных папуляцый. У гэтым сэнсе сярэднія паказчыкі прыкметаў якасцяў лічацца больш адпаведнымі і аб’ёмнымі ў параўнанні з колькаснымі (Рычкоў Ю. Г., 1973).

Намі падлічаныя верагодныя тэрміны засялення тэрыторыі краіны. Адзначым, што дадзеныя палеаэтнаграфіі сведчаць аб першапачатковым засяленні зямель Беларусі каля 26.000 гадоў таму. Па нашых жа матэрыялах, якія дазваляюць казаць аб генэтычнай пераемнасці, засяленне тэрыторыі ў межах Палесся адбылося ў інтэрвале 13-19 тысяч гадоў таму. Паводле археалагічных дадзеных, прыкладна ў тую эпоху (12/11 тысяч гадоў да Р. Х.) на Дняпры і Сожы пачала складацца грэнская культура.

Уся тэрыторыя Беларусі, згодна з сярэднеўзважанымі эфектыўнымі рэпрадуктыўнымі дэмаграфічнымі памерамі, а таксама звесткамі аб 8 антропасыстэмах генэтычных прыкметаў, была заселеная продкамі цяперашніх беларусаў 9.000 гадоў таму (+- 1.000 гадоў). Гэта добра ўзгадняецца з наяўнымі дадзенымі пра канец апошняга абляднення (ад часу якога мінула ўжо 10.000 гадоў) і пачатку на тэрыторыі Беларусі эпохі мезаліту – сярэдняга каменнага веку.

Надзвычай выражаны палімарфізм мікрасатэлітных [Мікрасатэліты – малыя элементы, падначаленыя больш буйному элементу і якія з’яўляюцца яго неад’емнымі спадарожнікамі.] паўтораў і вялікая гетэразіготнасць робяць іх вельмі каштоўнаю інфармацыйнаю крыніцаю для вывучэння генэтычных параметраў папуляцый. Ўзроўні індэксаў фіксацыі Fst ў беларускіх папуляцый ніжэй, што сведчыць аб іх генэтычнай гамагеннасці і аўтахтоннасці.

Такім чынам, нашае даследаванне ўсталявала межпапуляцыйныя і міжэтнічныя асаблівасці антрапалагічных тыпаў, іх геаграфічную залежнасць. Сучасных беларусаў можна з упэўненасцю лічыць нашчадкамі мясцовага старажытнага насельніцтва.

ГЛАВА 2. Вывучэнне генагеаграфіі беларускага этнасу.

Генэтычныя і этнічныя асаблівасці сучасных людзей фармаваліся ў працэсе іх рассялення па Зямлі ў пошуках ежы і жыццёвай прасторы. Кожная эпоха, у сваю чаргу, мадыфікавала прыроду чалавека, яго біакультурную разнастайнасць. Сучасныя навукоўцы даследуюць зменлівасць людскіх папуляцый па фізічных, псіхалагічных і генэтычных асаблівасцях, па здольнасці адаптавацца да рэзкіх зменаў, што адбываюцца ў біясферы.

З дапамогаю метадаў генагеаграфіі і папуляцыйнай генэтыкі намі былі даследаваны змены антрапалагічных характарыстык беларускіх папуляцый (пераважна вясковых), аптымальныя магчымасці іх адаптацыі не толькі да сучасных, але і да мінулых антрапагенных фактараў.

Старажытны чалавек эпохі мезаліту, нягледзячы на ​​сваю значную залежнасць ад навакольнага асяроддзя, суадносіўся з ім у асноўным гарманічна. Але ўжо наступная эпоха неаліту ўтрымлівала ў сабе рысы экалагічнага крызісу. Неалітычная “рэвалюцыя”, калі насельніцтва перайшло ад выкарыстання гатовых натуральных прадуктаў (шляхам збіральніцтва, палявання і рыбалоўства) да прадукцыйнай гаспадарцы (жывёлагадоўлі і земляробства), істотна змяніла характар ​​стасункаў з прыродай. Менавіта працоўная дзейнасць спрыяла таму, што натуральны адбор у людскіх папуляцыях ў эпоху неаліту страціў сваю відаўтваральную накіраванасць.

Адначасова адбывалася фармаванне экалагічна прыстасаваных антрапалагічных і адаптацыйных тыпаў. Фармаванне адаптацыйных тыпаў адбывалася на працягу ня меней чым 130-140 пакаленняў. [У навуцы прынята лічыць, што змена пакаленняў адбывалася і адбываецца ў сярэднім кожныя 25 гадоў. Такім чынам, 130-140 пакаленняў, гэта 3.250-3.500 гадоў]

Морфафізіялагічныя і антрапагенэтычныя рысы папуляцый, ад мікра- да макраўзроўню, працягвалі фармавацца, і пры ўмове мінімальнай брачнай ассартацыі [Ассартацыя – падбор, выбар (напрыклад, свядомы выбар шлюбнага партнёра)] дасягалі разнастайных формаў палімарфізму на канкрэтных тэрыторыях. Так кожная папуляцыя ў адпаведных умовах захоўвае уласны генафонд на працягу мноства пакаленняў. Тое ж самае адбываецца і на этнічным узроўні, калі адсутнічаюць значныя міграцыйныя працэсы і экалагічныя катаклізмы.

Вывучэнне генафонду беларускага этнасу аўтар пачаў адразу пасля паступлення ў мэтавую аспірантуру па спецыяльнасці “антрапалогія” пры Інстытуце этнаграфіі АН СССР і НДІ антрапалогіі МДУ. За час навучання ў аспірантуры аўтар ажыццявіў экспедыцыі больш чым у 100 вёсак, дзе даследаваў каля 2500 карэнных жыхароў.

У праграму комплекснага антрапагенэтычнага даследавання ўвайшло вывучэнне груп крыві па эрытрацытарных сістэмах АВ0, MNS, CDE, Р і Le, бялковаму гаптаглабину НР, смакавай адчувальнасці да фенілцыакарбаміду [Фенілцыакарбамід – хімічны рэактыў, на які арганізм чалавека рэагуе ў залежнасці ад генатыпу] (РТС) і па шэрагу іншых морфафізіялагічных прыкметах. Была падрыхтаваная і абароненая ў Маскве, пад навуковым кіраўніцтвам Ю. Г. Рычкова, кандыдацкая дысертацыя на тэму “Распределение наследственных признаков на территории Беларуси в связи с вопросами этногенеза”. Пазней гэтыя матэрыялы ўвайшлі ў калектыўную манаграфію “Очерки по антропологии Белоруссии”.

На працягу наступных амаль 20 гадоў праводзілася комплекснае генэтычна-антрапалагічнае вывучэнне сучаснага насельніцтва Беларусі і сумежных з ёй тэрыторый, з улікам яго геаграфічнага і этнічнага паходжання, і ў сувязі з новымі экалагічнымі абставінамі. Гэта былі фундаментальныя тэмы, па якіх вывучалася генадэмаграфічны стан рэндамізаваных [выпадковых] выбарак [Выбарка (у статыстыцы) – абмежаваная сукупнасць адзінак назірання, якая правільна ўяўляе вывучаемую з’яву. Напрыклад, групу насельніцтва па яго дэмаграфічным, антрапалагічны, генетычным і іншых прыкметах] 30 новых папуляцый у межах шасці этнаграфічных рэгіёнаў і трох геамарфалагічных (экалагічных) правінцый Беларусі.

Усе атрыманыя матэрыялы пасля навукова-статыстычнай апрацоўкі ўвайшлі ў аўтарскую манаграфію “Геногеография сельского населения Белоруссии”, апублікаваную ў 1989 годзе. Затым яны былі абароненыя ў якасці доктарскай дысертацыі пад назвай “Геногеография населения Белоруссии (исторический и экологический аспекты изменчивости)” на Вучоным савеце НДІ антрапалогіі МДУ.

Адначасова вынікі палявых даследванняў (частоты генаў і фенатыпу, а таксама канцэнтрацыі морфафункцыянальных прыкмет) былі перададзеныя ў камп’ютарны банк дадзеных (аддзел генэтыкі чалавека ў Інстытуце агульнай генэтыкі імя М.І. Вавілава, Масква) для іх наступнага выкарыстання ў шматтомным выданне “Генофонд и геногеография народонаселения”. На гэты час выдадзеныя першыя два тамы: “Генофонд России и сопредельных стран” (2000 г.) і «Геногеографический атлас населения России и сопредельных стран” (2003 г.).

Пазней мы мелі магчымасць арганізаваць і правесці новыя экспедыцыі з мэтай вывучэння палімарфізму нуклеатыдаў [Нуклеатыды – элементы, з якіх складаюцца біялагічна актыўныя рэчывы (каферменты, нуклеінавыя кіслаты ды інш.)] ДНК у сучасных людскіх папуляцыях. Такім чынам, фактычна ўпершыню ўвазе чытачоў прапануюцца не толькі вынікі шматгадовай працы па вывучэнню генагеаграфіі і генафонду беларускага этнасу, але і робіцца спроба ўдакладніць канцэпцыю яго адаптацыйнай нормы за канкрэтны час на канкрэтнай тэрыторыі.

Антрапагенэтыка, альбо, інакш, генэтыка чалавека, у міжнароднай наменклатуры навук цесна звязаная з медыцынай, экалогіяй, дэмаграфіяй і нават этнаграфіяй. Менавіта праз вывучэнне генэтычнага палімарфізму даследчык выяўляе дынаміку папуляцый ў часе і прасторы, у межах папуляцый рознага іерархічнага ўзроўню. Толькі спазнаўшы “адзіны папуляцыйна-генэтычны працэс” (Рычкоў Ю. Г., 2000), мы можам усталяваць як дыферэнцыяцыю, так і блізкасць папуляцый ў геаграфічным прасторы, і пакаленняў у гістарычным часе. Дакладнасць даследвання гарантаваная тым надзейней, чым больш вывучана лакальных папуляцый і чым больш генэтычных маркераў пры гэтым выкарыстана.

Зараз назіраецца досыць плённае супрацоўніцтва антраполагаў і малекулярных генэтыкаў. Працягваецца назапашванне новых маркераў на тэрыторыі Беларусі з іншых, альбо раней ужо вывучаных выбарак ў межах этнаграфічных рэгіёнаў або экалагічных правінцый. Пры гэтым улічваюцца сярэднія канцэнтрацыі ня толькі асобных фракцый ДНК, але і іх фрагментаў. Так вызначаецца генагеаграфія генафонду абследваных папуляцый. Шляхам злучэння малекулярна-генэтычнай дыягностыкі індывідаў з папуляцыйна-генэтычным аналізам усяго масіва дадзеных, і з улікам этнічна свядомай памяці прадстаўнікоў лакальных папуляцый, пачаў фармавацца новы навуковы напрамак – этнагенэтычны.

У 1923-24 гг. размеркаванне групаў крыві АВ0 на нашай тэрыторыі вывучаў В. Бунак. Затым групы крыві ў беларусаў вывучаў у 20-я гады А. Ленц. Яго супрацоўнікі абследавалі сялян Мазырскага, Слуцкага, Аршанскага і Магілёўскага раёнаў. Адпаведныя матэрыялы былі апублікаваныя ў навуковых выданнях Масквы ( “Русский антропологический журнал”, 1924) і Кііва ( “Антропологія. Річнік кабінету iм. Ф. Вовка”, 1929).

Спашлемся яшчэ на матэрыялы Рахоўскага і Суціна 1926 года, якія прыведзеныя ў манаграфіі А. Муранта (Mourant А. Я., 1954). Дарэчы, па сярэдніх паказчыках вясковага насельніцтва яны не адрозніваюцца ад нашых дадзеных (Мікуліч А. І., 1978). Інакш кажучы, генафонд па гэтай антрапагенэтычнай сістэме не змяніўся на працягу 50 гадоў або двух эфектыўна-рэпрадукцыйных пакаленняў. Гэтай гіпотэзе адпавядаюць дадзеныя па рэзус-сістэме (Іваноў Л. В. і інш., 1967) і па MN (Туманаў А. К., Тамілін В. В., 1969).

Працяг будзе.

На папярэднюю старонку.

На галоўную старонк