Часам мы губляем час на спрэчкі, якія, усёж маюць другасную вартасць. Напрыклад, узнікаюць размовы аб тым, як нам правільна звацца: літвіны ці ліцьвіны. Прыхільнікамі варыянту “ліцьвіны” выкарыстоўваецца аргумент, быццам бы такі правапіс адпавядае тарашкевіцы. Але маем простыя моўныя правілы: Гук [т] захоўваецца нязменна і на пісьме перадаецца літарай “т” перад мяккім [в’] у аддзеяслоўных назоўніках і ў словах, вытворных ад іх: бітва – у бітве, брытва – брытве, брытвенны, клятва – клятве, клятвенны, пітво – у пітве, паства – у пастве. Літары “д” і “т” захоўваюцца таксама ў некаторых іншых словах: мардва – мардве, мардвін, Мардвінаў, Літва – у Літве. Мы ж не кажам і не пішам “у Ліцьве”, нават калі тарашкевіцаю.
Акрамя таго мы можам пачуць спрэчкі аб тым, які правапіс нам больш уласцівы. Хтосці абараняе кірыліцу, а хтосці лацінку. Безумоўна, той і другі правапісы маюць права на паралельнае існаванне, пытанне ў тым, які варыянт мусіць быць асноўным. Жаданне ўзяць асноўным варыянтам лацінку толькі дзеля таго, каб больш адрознівацца ад ўсходніх суседзяў часам нагадвае комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасці, з якога варта было б вырасці з дапамогай азнаямлення з нашай гісторыяй. Тым больш, маем славутага першадрукара, які выдаваў кнігі, напісаныя кірыліцаю. Маем Статуты ВКЛ (першая канстытуцыя ў Еўропе, выдадзеная нашымі славутымі продкамі), адпачатку напісаныя кірыліцаю, перакладзеныя потым на іншыя мовы. Маем багатую гісторыю, звязаную з кірылічнаю пісьмовасцю. Апроч таго, сёння наш народ у значнай большасці не ўспрыме падобны пераход на лацінку, а значыць, сама ідэя пераходу застанецца маргінальнай. А адна маргінальная ідэя будзе цягнуць у маргінэс і іншыя ідэі, што існуюць побач з гэтай, якімі б яны добрымі не былі, ставячы пад пытанне ўспрыняцце зычайным чалавекам самой ідэі вяртання да Літвы.
Таму не час зараз спрачацца на гэтыя тэмы, лепш накіраваць энергію на нешта канструктыўнае і карыснае для краіны, бо ёсць значна больш актуальныя тэмы для дыскусій.
