Рэлігійныя пытанні

У нашыя часы можна пабачыць спекуляцыі на тэму веры літвінаў. Зараз можам убачыць прыхільнікаў адраджэння паганства ў Літве-Беларусі, ёсць і тыя, што лічаць рыма-каталіцтва адзіным правільным шляхам для літвінаў. Таксама ёсць і такія, якія мараць пра стварэнне нейкай асобнай літвінскай царквы. Магчыма, гэтыя людзі кіруюцца патрыятычнымі матывамі. Каб лепш зразумець сэнс гэтых пытанняў, зазірнем трохі ў храналогію рэлігійных падзеяў на тэрыторыі Літвы (Беларусі) з часоў, што былі яшчэ да пачатку стварэння ВКЛ.

  • У дахрысціянскі перыяд на нашых землях жылі пагане, якія пакланяліся багам Перуну, Велесу, Сварогу, Ярыле.
  • 986 г. Ісландскі помнік пісьмовасці “Сага аб хросце” паведамляе, што Полацк наведаў місіянер Торвальд, які вядомы тым, што ахрысціў Ісландыю. Ён вяртаўся з пілігрымкі ў Палестыну, і, спыніўшыся ў  Полацку, заснаваў там падобна што першы кляштар на нашых землях – кляштар Яна Прадвесніка. У ім ён і быў пахаваны пасля смерці. Торвальд быў скандынавам, як і Рагвалод, які кіраваў тады Полацкам.
  • 988 г. Хрост Русі (Паводле “Повесть временных лет”). Звернем увагу на тое, што на тэрыторыі этнічнай Літвы-Беларусі хрост адбываўся мірна, бо няма дакументальных сведчанняў пра якісці гвалт. Таму некаторыя даследчыкі схіляюцца да думкі, што хрысціянства ў Літву масава прыйшло раней за хрост Уладзіміра. Так, разглядаючы паданні аб заснаванні аднаго з Полацкіх манастыроў княгіняй Вольгай, расійскія даследчыкі ХІХ ст., абапіраючыся на народную творчасць, пішуць аб Тураве як аб хрысціянскім горадзе (Воспоминание о древнем православии Западной Руси. М., 1867. Ст. 15). Таксама некаторыя крыніцы кажуць аб хрысціянскім Полацку ўжо ў сярэдзіне Х ст. Паводле працы  расійскага даследчыка М. Быхава “Манастыры на Русі ХІ – сярэдзіны ХIV стагоддзя” толькі манастыры Полацку (напрыклад, Багародзічны манастыр) ня маюць летапіснай датыроўкі заснавання, бо паўсталі раней за манастыры Кіева, Смаленска, Ноўгарада, Пскова ды інш. Гэта кажа пра незалежнасць Полацкага хрысціянства ад Кіеўскага.
  • 992 г. Заснаванне Полацкай епархіі, епіскапы былі грэкі ды баўгары.
  • 1005 г. Заснаванне Тураўскай епархіі, юрысдыкцыя Кіеўскай мітраполіі.
  • 1013 г. У Тураве адначасова дзейнічаў рыма-каталіцкі епіскап Рэйнберг, які па загаду князя Ўладзіміра быў кінуты ў кіеўскую вязніцу, у якой і памёр. Хрысціянская смерць адбылася ўскосна ад рукі кіеўскага князя.
  • 1246 г. Князь  Міндоўг пераходзіць з паганства ў праваслаўе.
  • 1251 г. Князь  Міндоўг прымае каталіцтва каб праз два гады атрымаць ад папы каралеўскую карону. ВКЛ на кароткі час становіцца каралеўствам.
  • 1260 г. Князь  Міндоўг вяртаецца да паганства.
  • 1385 г. Падпісанне Крэўскай вуніі, у выніку якой Вітаўт і Ягайла прымаюць каталіцтва, прымаюць каталіцтва пагане і праваслаўныя.
  • 1413 г. Рэфарматар гусіт Еранім Пражскі чытае казанні ў Літве.
  • 1535 г. У Слуцку далі зямлю пад будоўлю першага лютэранскага храму.
  • 1553 г. Канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны вызнае кальвінізм і актыўна пачынае будаваць цэрквы ў Вільні, Берасці і ў Нясвіжы.
  • 1557 г. У Вільні адбываецца з’езд пратэстантаў Літвы пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла, які пастанаўляе стварыць адзіную дэнамінацыю пад кіраўніцтвам суперінтэндэнта.
  • ХVI ст. (другая палова) Распаўсюджванне контррэфармацыі ў Літве.
  • 1569 г. У рамках контррэфармацыйнай і адукацыйнай дзейнасці, езуіты адкрываюць у Вільні першы на нашых этнічных землях калегіюм, у якім рэктарам быў Пётр Скарга, які потым будзе ўдзельнічаць у стварэнні Вуніі. 1580 г. – паўстае калегіюм у Полацку, 1584 г. – у Нясвіжы, і г. д.
  • 1587 г. У Вільні было створанае першае брацтва, у статуце якога, мэтамі дзейнасці былі акрэсленыя: падтрымка праваслаўных цэркваў, утрыманне вучэльні і тыпаграфіі, адукацыя, кнігадрук. Брацтва ўтворанае дзеля аховы праваслаўя ў ВКЛ ва ўмовах “актыўнай экспансіі пратэстантызма і посттрыдэнцкага каталіцызму” (паводле: Флория Б. Н. Западнорусская митрополия. 1458-1686 гг. // ПЭ. Т. РПЦ. С. 101-104). На наступны год Вільню адведаў Канстантынопальскі Патрыярх Ярэмея ІІ, які ўхваліў і замацаваў асабістай пячаткай “Чын” брацтва.
  • 1596 г. Берасцейская Вунія, як спроба пераадольвання расколу паміж заходняй ды ўсходняй Цэрквамі.
  • 1623 г. Пакутніцкая смерць архіепіскапа Язафата Кунцэвіча з Вітбеску. Да суду за забойства былі прыцягнутыя 19 чалавек. Яны казалі, што рабілі замах, бо былі распаленыя нянавісцю да Каталіцкай Царквы. Горад за гэтае злачынства быў пазбаўлены магдэбургскага самакіравання, ратушу знішчылі. З чаго пачалося распальванне нянавісці? У 1620 г. з Масквы ў Канстантынопаль вяртаўся патрыярх, вяртаўся праз Вітбеск. Там ён адлучыў Язафата ад Царквы, разаслаўшы адпаведныя лісты па епархіях.  Гэта распаліла і без таго напружаныя стасункі паміж канфесіямі.
  • XVII-XVIII ст. Адбываецца паланізацыя каталіцтва і маскалізацыя праваслаў’я. Адам Станкевіч пісаў пра тыя часы: “Надта магчыма, што калі б ня гэтая унія, дык сёння ўжо ня было б беларускай нацыі, яна ці такім, ці іншым чынам патанула б у маскоўскім нацыяналізме й імпэрыялізме, куды гразьнейшым для нас, як такі ж нацыяналізм і імпэрыялізм польскі” (Станкевіч, “Хрысціянства і беларускі народ (Спроба сінтэзы)”, Вільня, Беларускае Каталіцкае Выдавецтва, 1940. – с. 97.)
  • 1648-1667 гг. Казацкія атрады Багдана Хмяльніцкага палююць на каталіцкае духавенства, рабуюць касцёлы.
  • 1657 г. Ад рук казакаў каля Янава загінуў пакутніцкай смерцю каталіцкі святы Андрэй Баболя. Так часам, нажаль, сустракаюцца хрысціяне, гатовыя забіваць за веру, якія выкарыстоўваюць нават садысцкі падыход да ахвяры, з хрысціянамі, гатовымі памерці за веру. Хрысціянская кроў на нашай зямлі зноў пралілася пад уплывам знешніх сілаў. Бо Багдан Хмяльніцкі быў у змове з царом Масковіі.
  • 1686 г. Указ Канстантынопальскага патрыярхату аб перадачы тэрыторый Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату. Такім чынам ПЦ на тэрыторыі Літвы пачала афіцыйна падпарадкоўвацца Маскве.
  • 1705 г. Пётр І, цар з усходу, сваёю рукою забіў пяць манахаў базыльянаў у полацкім саборы св. Сафіі. Крывавы цар хацеў вынішчыць Вунію. Ён казаў віленскаму рыма-каталіцкаму біскупу: “Каб на Літве, акрамя маёй і тваёй, не было ніякай іншай веры”. Хрысціянская кроў пралілася “дзякуючы” цару з усходу.
  • 1720 г. У польскім Замосці па ініцыятыве мітрапаліта Льва Кішкі адбыўся сабор пад кіраўніцтвам папскага нунцыя Гераніма Грымальдзі, на якім разглядаліся пытанні ўнутранага жыцця Вуніяцкае Царквы. Сабор даў штуршок царкоўным рэформам. Апроч шэрагу бясспрэчна карысных для Царквы рашэнняў (паляпшэнне адукацыі, узмацненне дысцыпліны), на Саборы былі закладзеныя перадумовы для аслаблення і знішчэння Вуніі ў выглядзе частковай лацінізацыі вуніятаў ва ўсіх сферах царкоўнага жыцця ( літургіка, царкоўныя інстытуты, знешні выгляд храмаў, тэрміналогія). Пачалі ў цэрквах з’яўляцца арганы, канфесіяналы, прыбіраліся іканастасы. Лацінізацыя рабілася ў асноўным праз манахаў базыліянаў, якім масава пачало супрацьстаяць белае духавенства. Такім чынам ўплывы з Захаду, накіраваныя на збліжэнне ўсходней і заходней цэркваў прывялі да расколу буйнейшае у Літве Царквы. Рыма-каталіцкі касцёл добра паддаваўся паланізацыі, вуніятаў жа паланізаваць не атрымлівалася. Таму і адбылася спроба лацінізацыі, каб стварыць умовы для паланізацыі. Базумоўна, гэтая бяда не адбылася б без уплываў з Захаду.
  • 1743 г. Лізавета Пятроўна звярнулася да караля Рэчы Паспалітай Аўгуста з патрабаваннем перадачы праваслаўным храмаў і манастыроў ад вуніятаў. Кароль зрабіў запыты кароннаму і літоўскаму канцлерам, на якія атрымаў адказ, што тыя праваслаўныя, што пісалі гэтыя безпадстаўныя скаргі, з’яўляюцца злачынцамі, бо прыходзяць не ў свой суд, а звяртаюцца да Расеі. (Нешта гэта нагадвае з падзей ХХІ ст., метады не мяняюцца).
  • 1835 г. Улады закрываюць больш за 2/3 базыліянскіх манастыроў.
  • 1839 г. Ліквідацыя Вуніі на Полацкім саборы, падрыхтаваная Язэпам Сямашкам, мела палітычны, а не рэлігійны характар, стала вынікам антырасейскіх паўстання 1830-1831 гг., бо ў ім актыўна прымала ўдзел вуніяцкае духавенства. Як літвіны лічыліся “сапсаванымі рускімі”, так і вуніяты – “сапсаванымі праваслаўнымі”. Гэтыя падзеі адбываліся пад патранажам міністра ўнутраных справаў Расейскай імперыі Блудава.

Бачым, што адметнаю рысаю Вялікага княства Літоўскага, як дзяржавы, была яго шматканфесійнасць. Да прыходу першых місіянераў нашыя тэрыторыі былі цалкам паганскія, як і тэрыторыі іншых еўрапейскіх краінаў перад хрысціянізацыяй (таму паганства – гэта з’ява інтэрнацыянальная, як і хрысціянства). Стасункі паміж канфесіямі ў параўнанні з іншымі краінамі ў нас былі даволі добрыя. Нярэдка ў гарадах побач стаялі царква, мячэць, касцёл і сінагога. Былі пэўныя абвастрэнні ў сувязі са зменамі князёў ВКЛ сваёй канфесійнай прыналежнасці, але хрысціянства краіны жыло сваім жыццём.

Больш за ўсё праблемаў стваралі замежныя ўплывы. Бачым па храналогіі, што кроў у стасунках веруючых лілася менавіта “дзякуючы” таму, што літвінаў пачыналі сілай “вучыць”, як трэба правільна верыць.

 Можна прачытаць у некаторых крыніцах, што прычынай нападу Маскоўскага княства на ВКЛ у ХV стагоддзі былі ганенні на праваслаў’е. Але на чале нашага войска, якое бараніла нас ад маскоўцаў, стаяў слаўны сын Літвы гетман Канстанцін Астрожскі, праваслаўны, які, між іншым будаваў цэрквы і манастыры.

Таксама ў тыя часы агрэсары спрабавалі выкарыстоўваць непаразуменні паміж канфесіямі, каб апраўдаць свае дзеянні па анэксіі ВКЛ. Прыгледзеўшыся, можам заўважыць спробы распальвання злобы паміж хрысціянамі і сёння. Трэба вучыцца ў гісторыі, і не браць удзелу ў канфліктах паміж веруючымі розных дэнамінацый, каб не стаць кімсьці выкарыстанымі. Нават калі вера нашая слабая, то мудрасць і ўзаемапавага дапамогуць пазбегнуць спрэчак.

Св. Ефрасіння з Полацку

Нельга казаць, што літвіны мусяць належыць толькі да нейкай адной канфесіі, бо гэта супярэчыць гісторыі і закладае “бомбу” пад міжканфесійныя стасункі ў краіне. Што тычыцца ідэі стварэння нейкай “літвінскай царквы”, то такое стварэнне стала б чарговым падзелам Цела Хрыстовага. Бо Госпад стварыў адзіную Царкву, а людзі па сваёй грахоўнасці пачалі яе дзяліць на часткі.

Падстаронкі:

На галоўную старонку