Спрэчкі

Былы амерыканскі дыпламат, а цяпер фотамастак і падарожнік Джон Кунстадтэр, прысвяціўшы шмат часу вандроўкам па Беларусі і вывучэнню літвінскай ментальнасці, выказваў пра наш народ наступныя думкі. “Не магу сцвярджаць, быццам бы душа адкрытая пастаянна і для любога суразмоўцы. Хутчэй ён тая асоба, што паступова паддаецца раскрыццю, але пры пэўнай духоўнай працы таго, хто хоча зазірнуць у «люстэрка» беларускасці“. Альбо: “Беларускія сельскія гаспадар ці гаспадыня надзвычай хутка, аператыўна, імгненна проста ацэньваюць, хто перад імі. Момант – і цябе ўжо “ідэнтыфікуюць”. Ці то ты добразычлівы, прыязны чалавек, ці то – круцель, ашуканец, шэльма, адным словам. Мяне такая рыса ў паляшуцкім характары надзвычай займае, здзіўляе…“.

Зянон Пазьняк, маючы на ўвазе думкі Джона, піша наступнае: “Разважаючы аб духоўным, часам карысна задаць тэставае пытаньне: ці ёсьць Бог? Калі ў субяседніка “Бога няма”, то дыялогу не атрымаецца. Як правіла, можа ўзьнікнуць спрэчка, альбо пераход на тэму, зразумелую для бязбожнага чалавека“.

З гэтага ўсяго бачым, што нягледзячы на мяккі характар, наш народ можа быць даволі канфліктным з-за адсутнасці даверу адно да аднаго. Паспрабуем зазірнуць у прыроду пачатку канфліктаў.

Канфлікт – гэта такія стасункі паміж суб’ектамі сацыяльнага ўзаемадзеяння, якія характарызуюцца іх супрацьстаяннем на падставе супрацьлегла скіраваных матываў і меркаванняў. Гэтая з’ява можа датычыць да міжасабовых альбо да групавых стасункаў. Гэта сутыкненні тэндэнцыяў, ацэнак, прынцыпаў, поглядаў. Канфлікт суправаджаецца імкненнем атрымаць перамогу.

Канфлікты могуць быць канструктыўнымі ці дэструктыўнымі. Для канструктыўных характэрны разнагалоссі, закранаючыя прынцыповыя бакі і праблематыку жыццядзейнасці, вырашэнне якіх выводзіць арганізацыю і асобу на новы, больш высокі і эфектыўны ўзровень развіцця, з’яўляюцца ўмовы для супрацоўніцтва, паразумення. Канструктыўным канфлікт бывае тады, калі апаненты не выходзяць за рамкі этычных нормаў, дзелавых адносінаў і разумных аргументаў. Канфлікты, якія перашкаджаюць прыняццю рашэнняў, эфектыўнаму ўзаемадзеянню ў групе і арганізацыі, называюць дэструктыўнымі (дысфункцыянальнымі). Дэструктыўны канфлікт ўзнікае ў двух выпадках: калі адзін з бакоў упарта і жорстка настойвае на сваёй пазіцыі і не жадае ўлічваць інтарэсы другога боку; калі адзін з апанентаў звяртаецца да маральна асуджаных метадаў барацьбы, імкнецца псіхалагічна заціснуць партнёра, дыскрэдытуючы і зьневажаючы яго. Каб накіраваць канфлікты ў канструктыўнае рэчышча, неабходна ўмець іх аналізаваць, разумець іх прычыны і магчымыя наступствы. А прычыны выяўляюцца ў канфліктных сітуацыях, ухіленне ад якіх і з’яўляецца неабходнай умовай вырашэння канфліктаў. Рознагалоссе, якое ўзнікла паміж суб’ектамі, прыводзіць да стварэння канфліктных адносінаў.

Наступная стадыя – інцыдэнт – фармальная нагода для пачатку непасрэднага сутыкнення бакоў. Інцыдэнт азначае пераход канфлікту ў новую якасць, з’яўляючыся сігналам да пачатку адкрытага супрацьстаяння.

Кіраванне канфліктамі, з’яўляючыся складаным працэсам, уключае ў сябе наступныя віды дзейнасці: прагназаванне канфлікту, папярэджанне, рэгуляванне (стымуляванне) і вырашэнне канфлікту. Чалавек, знаходзячыся ў канфліктнай сітуацыі выбірае пэўную стратэгію (стыль) паводзін, улічваючы пры гэтым свой стыль, стыль іншых удзельнікаў канфлікту, а таксама прыроду самога канфлікту. Стратэгія паводзінаў у канфлікце вызначаецца той мерай, якой чалавек хоча задаволіць уласныя інтарэсы і інтарэсы іншага боку.

Існуе некалькі варыянтаў вырашэння канфлікту:

  • Кампраміс – калі абодва бакі робяць пэўныя саступкі адно аднаму.
  • Саступкі – калі адзін з бакоў здае свае пазіцыі альбо з прычыны неправаты, альбо з-за жадання завершыць спрэчкі, альбо пад ціскам звонку.
  • Адыход, пазбяганне праблемаў.

На галоўную старонку