Ці з’яўляецца бел-чырвона-белы сцяг гістарычным для Літвы-Беларусі?
Даволі часта можна сустрэць інфармацыю аб тым, што бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца нашым нацыянальным сцягам. Больш за тое, сустракаюцца выказванні аб гістарычнасці і нават старажытнасці гэтага сцягу. Аднак пры гэтым аніякіх дакумянтальных і гістарычных звестак у пацверджанне такіх заяваў як зазвычай не прыводзіцца. А тыя аргументы, якія спрабуюць падвесці пад гэтую тэорыю, альбо немагчыма праверыць, альбо не вытрымліваюць выпрабавання на праўдзівасць і адпаведнасць.
Дык які ж ён — нацыянальны сцяг Літвы-Беларусі? Для таго, каб адказаць на гэтае пытанне, мы адсочым гісторыю нашай нацыянальнай сымболікі па гістарычным ланцужку захаваўшыхся на сённяшні дзень дакумянтальных крыніцаў. А пачнем мы, ўласна, з самага папулярнага сёння прэтэндэнта на наш нацыянальны вексілалагічны сымбаль, а менавіта з бел-чырвона-белага сцяга. (Вексілалогія — навука аб сцягах, штандарах, вымпелах і г.д.)

БЧБ сцяг быў (увага!) распрацаваны для наваўтворанай Беларускай Народнай Рэспублікі архітэктарам Клаўдзіем Дуж-Душэўскім у 1917 годзе. Распрацаваны — значыць тое, што ён ствараўся з нуля праз працяглыя пошукі і канцэптуальныя варыяцыі. Аб чым сведчыць і тое, што на Беларускай канферэнцыі 1918 году ў Вільні выкарыстоўваўся БЧБ сцяг з вузкімі чорнымі палоскамі паабапал чырвонай. Проста дзіву даешся ад таго, ў якія нетры палезлі стваральнікі БНР у памкненні вынайсці ровар. Бо, наша краіна мела свой нацыянальны сцяг, які выкарыстоўваўся аж з XV ст. як мінімум, аб чым захавалася мноства сведчанняў, і цяжка сабе ўявіць, што аніводзен з заснавальнікаў і ўрадоўцаў БНР аб гэтым ня ведаў.
Гістарычны нацыянальны сцяг Вялікага Княства Літоўскага — толькі факты.
Мы не здарма параўналі творчыя пошукі нацыянальнага сцяга ўрадоўцамі БНР з выноходніцтвам ровара, улічваючы мноства гістарычных звестак і матэрыялаў, якія падаюць дакладнае апісанне і выгляд нашага нацыянальнага сцягу. Глядзіце самі:
– Бітва пад Варнай 1444 г.
– Бітва пад Клецкам 1506 г.
– Бітва пад Воршай 1514 г.
Усе гэтыя падзеі аб’ядноўвае тое, што пасля іх захаваліся пісьмовыя і, што вельмі важна, ілюстраваныя звесткі аб сцягу пад якім выступала войска ВКЛ. І сцягам гэтым з’яўляецца сцяг св. Юрыя — чырвоны крыж на белым палотнішчы.



Факты, якія абвяргаюць гістарычнасць бел-чырвона-белага сцяга і пацвярджаюць гістарычнасць юр’еўскага.
Тут мы разгледзім асноўныя аргументы, якія прыводзяцца на карысць выкарыстання БЧБ сцяга і паглядзім наколькі яны адпавядаюць рэчаіснасці.
- БЧБ сцяг адпавядае асноўным колерам гербу ВКЛ Пагоня?
Так, безумоўна спалучэнне белага і чырвонага колеру адпавядаюць асноўным колерам гербу Пагоня. Але, адна толькі колеравая адпаведнасць ня можа служыць самастойным аргументам, бо нашмат больш важную ролю грае кампаноўка элементаў сцяга. Інакш, калі кіравацца толькі колеравай адпаведнасцю, на выйсці мы будзем мець тысячы варыяцый, пачынаючы ад польскіх або аўстрыйскіх бела-чырвоных палосаў да харвацкіх бела-чырвоных шашачак.
2. Татарская конніца падчас Грунвальдскай бітвы выкарыстоўвала БЧБ сцяг з нашытымі паўмесяцам і зоркай?
Звесткі аб выступу татарскай конніцы на грунвальдскай бітве пад БЧБ сцягам з нашытымі паўмесяцам і зоркай нібыта знайшлі даследчыкі Іван і Антон Луцкевічы ў адным з татарскіх аль-кітабаў. Але, пры шматлікіх паўторных даследваннях іншымі даследчыкамі а ні арыгіналаў, а ні копій адпаведнага аль-кітабу знойдзена не было. А значыць дадзеная інфармацыя нічым не пацвярджаецца і застаецца на ўзроўні дапушчэння. І нават пры ўмове праўдзівасці гэтых звестак, мы будзем мець апісанне сцяга татарскай конніцы, а не дзяржаўнага сцяга Вялікага Княства Літоўскага.
3. На гравюры «Бітва пад Клецкам» вайскоўцы ВКЛ трымаюць бел-чырвона-белы сцяг?
У цэнтры гравюры «Бітва пад Клецкам» насамрэч выяўлены трохпалосны сцяг з гербам. Але, сцвярджэнне таго, што на манахромнай гравюры тры паласы сцяга гэта менавіта белая, чырвоная і белая палосы ўяўляе сабой прыманне жаданага за рэчаіснае. Аднак гэта ня значыць, што мы зусім ня можам ідэнтыфікаваць колеры на дадзеным сцягу. Тым, хто знаёмы з гяральдыкай, вядома, што колеры сцяга павінны адпавядаць асноўным колерам гербу. А гэта азначае, што калі мы ідэнтыфікуем герб, то адпаведна і ідэнтыфікуем колеры сцягу.

Герб на трохпалосным сцягу з гравюры «Бітва пад Клецкам» уяўляе сабой шчыт з двума крыжамі і трэцім паўкрыжам толькі з правага боку. Пад такое апісанне трапляе толькі адзін герб — Пілява, і мае ён наступны выгляд.
Гэта радавы герб, якім валодалі многія шляхетныя сем’і Польшчы і ВКЛ, і мае ён за асноўныя колеры белы і сіні, таксама існаваў варыянт з жоўтым (залатым) крыжам на сінім полі. Такім чынам відавочна, што ў бітве пад Клецкам пад згаданым сцягам выступала харугва аднаго з шляхетных родаў, якія валодалі гербам Пілява. А значыць па законах гяральдыкі, якія ў тыя часы строга захоўваліся, сцяг меў белыя і сінія палосы, магчыма жоўтыя і сінія. Зараз цяжка сказаць у якой паслядоўнасці яны былі размешчаныя, але хутчэй за ўсё з сіняй паласой па цэнтры.
На згаданай гравюры прысутнічае таксама яшчэ адзін сцяг, выяўлены крыху вышэй. Гэта сцяг, які мы бачым таксама і на гравюры «Бітва пад Варнай», і на карціне «Бітва пад Воршай». Гэта дзяржаўны сцяг ВКЛ — сцяг святога Юрыя, які выкарыстоўваўся падчас усіх вядомых нам важных бітвах ВКЛ, і колеры якога адпавядаюць асноўным колерам дзяржаўнага гербу Пагоня — чырвоны і белы.

4. На карціне «Бітва пад Воршай» прысутнічаюць БЧБ сцягі?
На знакамітай карціне «Бітва пад Воршай» войска ВКЛ прадстаўлена выступаючым пад сцягамі святога Юрыя, якіх на карціне налічваецца каля сотні. І вось сярод гэтага рэальна мора сцягоў, калі прыгледзецца, можна знайсці сем сцягоў з атсутнічаючай вертыкальнай чырвонай паласой. Прычым ахарактарызаваць гэта можна менавіта так — адсутнічаючая вертыкальная паласа на юр’еўскім сцягу. Гэтыя сем сцягоў ні па форме, ні па памеру, ні па дызаўну не адрозніваюцца ад мноства юр’еўскіх сцягоў побач. Прычым яны знаходзяцца ня проста побач, і не асобнай групай, а ў адным атрадзе змяшаныя са сцягамі святога Юрыя, як бачна з фрагменту ніжэй.

Усё гэта дае падставы меркаваць, што адсутнасць вертыкальнай паласы хутчэй за ўсё проста недаробка мастака. А ўсе тлумачэнні кшталту «гэта польская падробка» не вытрымліваюць аніякай крытыкі, бо мы маем прынамсі дзве гравюры са сведчаннем таго, што войскі ВКЛ карысталіся менавіта юр’еўскімі сцягамі — чырвоны крыж на белым палотнішчы.
Чаму Вялікае Княства Літоўскае абрала сабе сцяг святога Юрыя?

Калі прыгледзецца да гравюры «Бітва пад Клецкам», то ўверсе можна ўбачыць постаць у плашчы і з мечам у руках, якая стаіць на воблаку. Німб над галавой постаці, а таксама яе становішча ў небе гаворыць аб тым, што гэта адзін са святых. З выгляду гэтага святога можна зрабіць выснову, што гэта альбо постаць святога Юрыя, альбо святога Арханёла Міхала. Абодва яны традыцыйна выяўляюцца ўзброенымі супраць зла, а выкарыстанне ў ВКЛ юр’еўскіх сцягоў дае перавагу на карысць таго, што гэта ўсё ж такі менавіта святы Юры.

На гравюры постаць, верагодней за ўсё св. Юрыя, апякуецца і дапамагае войску Вялікага Княства Літоўскага. Гэта азначае, што ў ВКЛ гэты святы меў асаблівую пашану і з’яўляўся апекуном і ахоўцам дзяржавы, асабліва ў справе абароны супраць ворага. Гэтым і тлумачыцца абранне сцяга — чырвоны крыж на белым палотнішчы, сцяг св. Юрыя. Цікава, што святы Юры як-зазвычай выяўляўся ўзброеным дзідай, а постаць з гравюры, як бачна, ўзброена мечам, што больш характэрна для выявы Арханёла Міхала.
Трэба
сказаць, што святы Юры ў якасці патрона дзяржавы быў надта папулярны ў
сярэднявеччы. На гэтую ролю, апроч Літвы, яго абралі напрыклад такія краіны, як
Англія і Грузія, што знайшло сваё адлюстраванне ў іх сцягах. Аднак ня трэба
блытаць вершніка на на расейскім гербе са святым Юрыям. Гэта не святы Юры (рас.
Георгий) і ўвогуле не
святы, ён афіцыйна называецца «Всадник». Аб тым, каго сымбалізуе гэты вершнік запісана
ў расейскім указе аб гербе («О титуле царском и о государственной печати») ад
16 снежня 1667 г.: «Орёл двоеглавый есть герб державный Великого Государя <…>
на персях изображение наследника». То бок вершнік у расейским гербе з’яўляецца
спадчыннікам цара. Аб тым, што вершнік не з’яўляецца кімсці са святых, сведчыць
і адсутнасць німбу або выявы крыжа — нязменных атрыбутаў святых асобаў. А ў
сучасным афіцыйным апісанні гербу Расеі прама напісана аб тым, што вершнік не
з’яўляецца а ні св. Юрыем, а ні якімсці іншым святым.
Вытрымка з дакументу «Правила использования
государственного герба РФ»:
«В щите на груди двуглавого орла изображен всадник, поражающий копьем дракона.
Это изображение нередко ошибочно называют изображением Святого Великомученика и
Победоносца Георгия и идентифицируют с гербом г. Москвы. Данное положение
неверно. Всадник Государственного герба не является изображением Св.
Георгия…»
Высновы.
Такім чынам можна зрабіць упэўненыя высновы, што нацыянальным і гістарычным сцягам ВКЛ, а значыць і сучаснай Літвы-Беларусі, з’яўляўся і з’яўляецца сцяг св. Юрыя. А бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца выключна вынаходкай БНР выключна для яе патрэбаў. Увогуле для нашай дзяржавы характэрным з’яўляецца крыж, які мы бачым і на шчыце вершніка з гербу Пагоня, і на юр’еўскіх сцягах ВКЛ. Чаргаванне палос для нашай дзяржаўнай сымболікі цалкам не характэрна, гэта адметнасць хутчэй польскай атрыбутыкі, што адлюстроўваецца ў прыдуманым пасля Люблінскай вуніі чырвона-бела-чырвоным сцягу Рэчы Паспалітай, які пераходзіць пазней у бела-чырвона-бела-чырвоны сцяг, ад якога ў сваю чаргу ўтвараецца бела-чырвоны, які мы сёння ведаем як сцяг Польскай Рэспублікі.
Трэба сказаць, што ў ВКЛ побач з юр’ескім сцягам выкарыстоўваўся таксама вялікалітоўскі штандар — вершнік Пагоні на чырвоным палотнішчы.

Сцяг Літвы-Беларусі ў сучаснасці.
Сцягі бадай усіх эўрапейскіх краін з часам прайшлі адаптапцыю ад трохкутных у сярэднявеччы да прамавугольных у нашыя часы. Прамавугольныя палотнішчы з’яўляюцца аптымальнымі і агульнапрынятымі ў сучаснай вексілалогіі. Не з’яўляецца выключэннем і сцяг нашай Літвы-Беларусі, які ў сучасным выглядзе мае наступную кампаноўку і прапорцыі:
- Суадносіны вышыні да шырыні палатна складае 1:2.
- Вышыня гарызантальнай чырвонай паласы складае 1/7 вышыні палатна.
- Шырыня вертыкальнай чырвонай паласы складае 1/14 шырыні палатна.
- Адступ вертыкальнай чырвонай паласы ад левага краю складае 3 яе шырыні, ад правага краю — 10 шырынь.
- Адступ гарызантальнай чырвонай паласы ад верхняга і ніжняга краёў палатна складае 3 яе вышыні.

- Калі на сцягу прысутнічае герб, то яго вышыня складае 2/5 вышыні палатна, па гарызантальнай восі ён цэнтруецца па вертыкальнай чырвонай паласе, па вертыкальнай восі ён роўнааддалены ад верхняга і ніжняга краёў палатна.

Нацыянальны герб Літвы-Беларусі.
Пытанне гербу амаль што бясспрэчнае, дамінуючую пазіцыю ў ім па праву займае Пагоня. Гэта вельмі старажытны і нязменны цягам многіх стагоддзяў герб нашай краіны. Інфармацыі пра яго паходжанне і гісторыю выкарыстання даволі шмат у адкрытых крыніцах, таму засяроджвацца тут на гэтым мы ня будзем.

Узгадаем толькі другі вядомы сымбаль ВКЛ — герб Калюмны. Некаторым ён бачыцца, як дзяржаўны герб Вялікага Княства Літоўскага. Але, насуперак гэтаму меркаванню падаўляючая большасць даследчыкаў сцвярджае, што Калюмны з’яўляюцца радавым гербам Гедэмінавічаў, а не дзяржаўным гербам ВКЛ, што пацвярджаецца поўным спыненнем яго выкарыстання пасля заняпаду роду Гедэмінавічаў. А тыя харугвы, якія ў бітвах выступалі пад гербам Калюмны, з’яўляліся надворнымі вайскоўцамі князя, падобна як на гравюры «Бітва пад Клецкам» мы бачылі надворныя харугвы шляхцічаў, якія выступалі пад радавым гербам Пілява.