Бітвы за Вільню

Яшчэ адно пытанне, па якому нам прыходзіцца спрачацца адно з адным, гэта пытанне аб нашай былой слаўнай сталіцы – прыгажуні-Вільні, якую мы згубілі, дзякуючы дзеянням Сталіна. Зараз адныя кажуць, што добра было б аднавіць гістарычную справядлівасць і вярнуць горад на Радзіму. Іншыя кажуць, што ўсё добра, няхай застаецца, як ёсць, бо дзякуючы летувісам захавалася архітэктурнае аблічча гораду, таму няхай гаспадараць у ім і надалей.

Каб разважаць аб гэтым, варта трохі прыгадаць гісторыю Вільні, менавіта заснаванне сталіцы і пазнейшы пераход з адных рук у другія “дзякуючы” знявольнаму стану.

Адпачатку ў ВКЛ былі два развітыя цэнтры: Наваградак як першая сталіца і Полацак, як цэнтр княства крывічоў. Таму другая сталіца – Вільня – была заснаваная Гедымінам на крывіцкай зямлі. Паданні кажуць, што князь спаў на гары, якая звалася “Крывою”, і прысніў жалезнага воўка, у якім равуць яшчэ сто ваўкоў. Воўхв Лідзейка патлумачыў князю сон так: на гэтым месцы мусіць паўстаць сталіца дзяржавы. Пасля гэтага Гедымін пабудаваў тут два замкі і даў назву гораду па назве ракі Вільня. Але ж археолагі кажуць аб раней заснаваным на гэтым месцы крывіцкім паселішчы пад назваю Крывічгорад альбо Крывы Горад, якім яшчэ ў 1070 г. валодаў Расціслаў Рагвалодавіч. У гэты Крывічгорад Гедымін проста перанёс сталіцу з Наваградку.

Назва “Вільня” упершыню ўзгадваецца ў 1323 г. у грамаце да ганзейскіх местаў Любэку, Брэмэну, Магдэбургу і Кёльну. У ёй апавядаецца, што Вільня – даўні горад, у якім ужо былі касцёлы ды цэрквы.

22.03.1387 г. Вільня першай у Вялікім Княстве Літоўскім атрымала Магдэбургскае Права.

Цемра акутвае Вільню

1795 г. сталіца апынулася ў складзе Расейскай імперыі. Стала цэнтрам спачатку Літоўскай, а потым Віленскай губерніі.

1915 г. Вільню занялі нямецкія войскі. 1917 г. – тут створана пранямецкая Летувіская Тарыба, якая ў 1918 г. абвесціла Вільню сталіцаю Летувы. У гэты ж час Вільня была абвешчаная сталіцаю БНР.

1919 г. – немцы адыйшлі, горад заняла польская самаабарона, якую хутка выгналі камуністы.

15.12.1918 г. Вільню абвесцілі сталіцай Савецкай Летувы.

27.02.1919 г. Вільня стала сталіцай “Літ-Бел”.

19.04.1919 г. Вільню занялі польскія войскі.

12.07.1920. г. Ленін і Троцкі падпісалі з Летувой дамову, паводле якой Вільня аддавалася летувісам. Згодна з ёй летувісы атрымліваюць таксама Горадню, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў, Ліду і Паставы.

14.07.1920 г. Вільню занялі чырвона-камуністычныя войскі.

08.10.1920 г. Вільня на пэўны час стала цэнтрам Сярэдняй Літвы, дзякуючы генералу Жыгілоўскаму.

20.02.1922 г. Часовы Сойм Сярэдняй Літвы пастанавіў далучыць Віленскую зямлю да міжваеннай Польшчы.

1939 г. – Пакт Молатава-Рыбентропа. 19.09.1939 г. Вільня зноўку пад Маскоўскаю ўладаю.

10.10.1939 г. Вільня апынулася пад уладаю летувісаў згодна з дамоваю паміж саветамі і Летувой. Дамова дазваляла чырвоным мець свае вайсковыя базы ў летувісаў. Пры гэтым падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дамовы ажыццяўляліся без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР, яна не абмяркоўваўся ў вышэйшых ворганах дзяржаўнай улады Беларусі, дамова парушала палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 г. і Канстытуцыі БССР 1937 г., якія патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змяненне яе межаў. З пункту гледжання міжнароднага права дамова ўяўляла сабою чарговы падзел нашых земляў. Была пераданая тэрыторыя 6909 км², на якой жылі 490.000 нашых суайчыннікаў.

12.10.1939 г. старшыня Рады БНР В. Захарка накіраваў пратэст прэзыдэнту Летувы А. Смятоне супраць падпісання дамовы «аб пераходзе да Летувы беларускага места Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой паказаў на адказнасць Летувы перад беларускім народам за гэты акт.

27.10.1939 г. летувіскія войскі ўвайшлі ў Вільню.

Летувіскае войска, 27.10.1939 г.

Вільня згубіла сваю першапачатковую назву і пачала звацца Вільнюсам. Цікава, што спяшаючыся, летувісы забылі пераназваць раку, якая таксама мае славянскую назву Вільня. Вось словы вядомага летувіскага паэта Томаса Венславы, якія ён напісаў у 1978 годзе: “Родам я не з Вільні. Але потым ужо стаў віленчуком, як і многія тысячы летувісаў, якія ў часе вайны і пасля вайны з’ехаліся ў сваю мітычную гістарычную сталіцу. Для іх гэта быў цалкам незнаёмы горад. Перад вайною паміж Вільняю і незалежнаю Летувою, як вядома, не было сувязяў. Праўда, быў вялікі міт пра Вільню, істотны для летувіскага ўяўлення. … У самы першы дзень пасля школы я заблукаў у руінах. Няма было каго спытаць, таму што людзей я сустракаў вобмаль, да таго ж ніхто тады тут ня ведаў па-летувіску. І тут трэба сказаць колькі словаў пра мову. Вільня – і цяпер горад толькі напалову летувіскі і гавора на дзіўным “койне”, паколькі сюды з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх летувіскіх дыялектаў.”

21.07.1940 г. Распараджэннем Вярхоўнага Савету СССР Летуве перайшлі яшчэ часткі тэрыторый БССР з гарадамі Свянцяны (Швенчоніс), Друскенікі (Друскенінкай), Салечнікі (Шальчынінкай), Дзевянішкі (Дзевянішкес).

03.08.1940 г. Летува ўвайшла ў склад СССР і Вільня стала сталіцаю Летувіскай ССР. Цикавы другі пункт “Закону СССР ад 03.08.1940 аб прыняцці Летувіскай ССР у склад СССР”: “2. Прыняць прапанову Вярхоўнага Савету Беларускай ССР аб перадачы ў склад ЛССР Свянцянскага раёну і часткі тэрыторыі, дзе пераважае летувіскае насельніцтва Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага, Радунскага раёнаў БССР”. Ад БССР адцяпалі кавалак 2.646 км2 “з пераважаючым летувіскім жыхарствам”, якое складала ажно 27%, дык яшчэ і аформілі гэта ў выглядзе ініцыятывы Менска. Рашэнне прыймалася ў Маскве, а летувіская дэлегацыя спачатку прасіла толькі Свянцяны.

1944 г. Паміж урадам ЛССР і Польскім нацыянальным камітэтам вызвалення была заключаная дамова “Аб эвакуацыі літоўцаў з тэрыторыі Польшчы і эвакуацыі польскіх грамадзянаў з тэрыторыі ЛССР”. Па дадзеных МУС СССР, у выніку гэтай дамовы, у 1945-1946 гг. з ЛССР у Польшчу выехала каля 170.000 чалавек. З Польшчы ў ЛССР прыехала 14 чалавек. (Письмо министра внутренних дел СССР секретарю ВКП(б) Жданову о переселении польских граждан и литовских граждан // РГАСПИ. Ф. 17. Оп. 121. Д. 345.). Адкуль з’явілася столькі палякаў(?) у ЛССР? Гэта пытанне асобнага артыкулу.

11.03.1990 г. Вярхоўны Савет Летувы абвесціў закон ад 03.08.1940 г. “Аб прыняцці Летувіскай ССР у склад СССР” нядзеючым.

29.03.1990 г. Прэзыдыум Вярхоўнага савету БССР прыняў пастанову, якая абвяшчала, што ў выпадку выхаду Летувы са складу СССР, Беларусь будзе патрабаваць вярнуць ёй Вільню з Віленскім краем, а таксама тэрыторыі пяці іншых раёнаў Летувы. Гэтую заяву фактычна падтрымаў прэзідэнт СССР М.С. Гарбачоў, які пазьней, 03.06.1990, заявіў у Вашынгтоне, што тэрыторыя Летувы мае ў сабе рэгіёны, якія раней належылі Беларусі.

За вяртанне тэрыторый выступалі камуністы, але ў палітычнай барацьбе БНФ стаў супраць камуністаў на бок Летувы, і гэты крок, нажаль, стаў вырашальным. Пытанне вяртання сталіцы так і засталося адкрытым.

06.02.1995 г. – У Вільні падпісаная дамова аб мяжы паміж Летувой і Беларуссю. Пачалася праца над новаю дамоваю.

2008 г. – Праца над дамоваю скончылася. Бакі прызналі межы паміж дзвюма краінамі і адмовіліся ад прэтэнзіяў.

Бачым па вышэйпералічанаму, што напрыканцы XVIII ст. Вільня трапіла ў палон. На пачатку ХХ ст. суседзі як драпежнікі ляталі над нашаю сталіцаю, шукаючы, як яе, слабую, праглынуць. Карысталіся тым, што ў “гаспадара хаты” шмат праблемаў. Больш настойліывмі, жвавымі а фартовымі ў гэтым плане аказаліся летувісы.

Чаму раптам з’явілася столькі прэтэндэнтаў на Вільню? У Расеі можна пачуць такое меркаванне: любая зямля, што была імі калісці заваяваная, аўтаматычна стае “исконно русской территорией”, і Вільня не выключэнне, яна таксама атрымала гэтае кляймо. Што да летувісаў, то яны небезпадстаўна сцвярджаюць, што Віленшчына, як і большасць астатніх нашых этнічных земляў, раней былі населеныя балцкімі плямёнамі. Гэта так, але чаму нашчадкі жмудзінаў турбуюцца пра іншых балтаў, у тым ліку і пра нашых продкаў? Можа ў свае канцэпцыі яны ўзялі нешта ад канцэпцый усходняга суседа? На ўсходзе “собиратели земель русских”, а на поўначы “собиратели земель балтских”? Што ж тычыцца палякаў, то пра іх метады паланізацыі нашага насельніцтва пісалася ўжо шмат, таму і прывабліваюць іх землі, частку насельніцтва якіх яны навучылі ўважаць сябе за палякаў.

Цікавымі на гэтым фоне выглядаюць статыстычныя дадзеныя перапісаў насельніцтва Вільні ў розныя часы. Возьмем для прыкладу некаторыя перыяды.

1864 г.: беларусы – 418.289, летувісы – 210.273, палякі – 154.386, расейцы – 21.486.

1897 г.: габрэі 40%, палякі 30,1%, расейцы 20,9%, беларусы 4,3%, летувісы 2,1%. Заўважым, што склад насельніцтва ў сталіцы вельмі змяніўся (на самой Віленшчыне вясковыя беларусы працягвалі складаць значную колькасць), з’явілася вялікая колькасць габрэяў, што павязана з “Рысай габрэйскай аседласці” Екацярыны ІІ. Але куды зніклі літвіны-беларусы ў самой Вільні, адкуль у нас раптам узяліся палякі ды расейцы? Адказ на пытанне знойдзем у дзеяннях Масквы супраць літвінаў, дзеяннях, якія сталі вынікам вайны нашых продкаў супраць усходняе імперыі на баку Напалеона, а таксама вынікам ўдзелу ў паўстаннях 1830-1831 г. Царскія ўлады знішчылі ўніяцтва, закрылі Віленскі ўніверсітэт, спынілі дзеянне ІІІ Статуту ВКЛ. Каталікоў пачалі запісваць палякамі, уніятаў зрабілі праваслаўнымі і пачалі русіфікаваць. Прыкра, што каталіцкая і праваслаўная цэрквы выконвалі функцыі паланізацыі-русіфікацыі, тым самым бяручы ўдзел у знішчэнні нашага народу. Яшчэ больш прыкра, што сёння, у ХХІ стагоддзі, мы зноў можам назіраць, як РПЦ укладае ў галовы вернікам нешта пра трыадзінства “вялікага рускага народу”, часткай якога нібыта з’яўляюцца беларусы. А Каталіцкая Царква на Гарадзеншчыне ўпарта нясе польскасць людзям. Хрыстовая Царква павінна несці праўду збаўлення людзям, а не выконваць кесаравыя функцыі ды дапамагаць знішчаць народы.

Вяртаючыся да пачатку артыкулу, можна сказаць, што пытанне статусу Вільні не вырашанае яшчэ ў шматлікіх галовах. Мы на гэты момант маем незаконную перадачу іншай дзяржаве нашых законных земляў на падставе дамовы паміж Летувой і СССР. Дамова гэта штатразова парушана, прынамсі, наступныя пункты: “Савецкі Саюз і Летувіская Рэспубліка забавязаныя сумесна здзяйсняць ахову дзяржаўных межаў Летувы, дзеля чаго Савецкаму Саюзу даецца права трымаць ва ўмоўленых па ўзаемнай дамове кропках Летувіскай Рэспублікі за свой рахунак строга абмежаваную колькасць наземных і паветраных узброенных фармаванняў” (п. 4), “Дамаўляючыяся Бакі забавязаныя не заключаць ніякіх саюзаў альбо ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць адаго з Дамаўляючыхся Бакоў” (п. 6). У сваю чаргу п. 8 кажа пра тэрмін дзеяння дамовы – 15 гадоў. І далей у тым жа п. 8: “Калі за год да заканчэння вызначанага тэрміну адзін з Дамаўляючыхся Бакоў не вызнае неабходным дэнансаваць гэтую Дамову, то яе пункты аўтаматычна захоўваюць важнасць на наступныя дзесяць гадоў”. І так бясконца. Летува пакінула СССР, а значыць, п.1 дамовы, у якім амаўляецца перадача Віленшчыны, перастае дзейнічаць.

У наш час разглядам падобных праблемаў займаецца Міжнародны суд ААН, заснаваны Статутам ААН, каб “праводзіць мірнымі сродкамі, у згодзе з прынцыпамі справядлівасці і міжнароднага права, улагоджванне і вырашэнне міжнародных спрэчак альбо сітуацый, якія могуць прывесці да парушэння міру”. Гэтая міжнародная ўстанова ўжо вырашыла некаторыя тэрытарыяльныя спрэчкі ў свеце. 1962 г. – паміж Тайландам і Камбоджы, 1986 г. – паміж Буркіна-Фасо і Малі, 1992 г. – паміж Сальвадорам і Гандурасам, 1994 г. – паміж Лівіяй і Чадам, 1999 г. – паміж Батсванай і Намібіяй, 2001 г. – паміж Бахрэйнам і Катарам, 2009 г. – паміж Украінай і Румыніяй, 2010 г. – Косава. Агульная колькасць разгледжаных справаў ужо перавысіла сотню. У нашай краіны ёсць усе аргументы, каб пачаць мірны працэс вяртання сталіцы выключна законнымі метадамі. Але пачынаць рабіць гэта, ці не – павінна вырашаць дзяржава.

Але як бы там ні было, зараз маем тое, што маем. Мяркую, кожны пагадзіцца, што важна адраджаць Вільню, нягледзячы на яе замежны статус. Самі летувісы ніколі не прызнаюць, што калі яны атрымалі сабе ў падарунак нашую сталіцу, насельніцтва ў ёй не было летувіскім, таксама прамаўчаць яны і пра летувізацыю краю. Зараз у сталіцы дзейнічае Таварыства Беларускай Культуры. Але гэтага вельмі недастаткова, пасля столькіх дзесяцігоддзяў спачатку русіфікацыі, а потым й паланізацыі ды летувізацыі. А чаму б нашым замежным патрыётам з ўсяго свету не зрабіць свой асабісты значны ўнёсак у гэтую справу? Давайце ўявім сабе сітуацыю, у якой хаця б палова ўсіх пражываючых за межамі Бацькаўшчыны суайчыннікаў вырашылі пераехаць жыць у нашую былую сталіцу! Вільня б стала зусім іншай!

“Рабі пільна – і тут будзе Вільня”, казалі нашыя продкі.

Падстаронкі:

На галоўную старонку