Дамова аб перадачы Летувіскай Рэспубліке горада Вільня і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Летувой

Прэзідыюм Вярхоўнага Савету СССР з аднаго боку, і

Прэзідэнт Летувіскай Рэспублікі, з другога боку,

у мэтах развіцця ўсталяваных Мірнай Дамовай ад 12 ліпеня 1920 года сяброўскіх стасункаў, заснаваных на вызнанні незалежнай дзяржаўнасці і неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншага боку;

вызнаваючы, што Мірная Дамова ад 12 ліпеня 1920 года і Дамова аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў ад 28 верасня 1926 года дагэтуль з’яўляюцца трывалай асновай іх узаемных стасункаў і абавязацельстваў;

упэўненыя, што інтарэсам абодвух Дамаўляючыхся Бакоў адпавядаюць вызначэнне дакладных умоваў забеспячэння ўзаемнай бяспекі і справядлівае вырашэнне пытання аб дзяржаўнай прыналежнасці гор. Вільні і Віленскай вобласці, незаконна адабраных Польшчаю ад Летувы,

вызналі неабходным заключыць паміж сабою ніжэйзгаданую Дамову аб перадачы Летувіскай Рэспубліцы горада Вільні і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Летувой і прызначылі для гэтай мэты сваімі ўпаўнаважанымі

Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР: В.М. Молатава, Старшыню Савета Народных Камісараў і Народнага Камісара Замежных Справаў,

Прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі: Юозаса Урбшыса, Міністра Замежных справаў,

гэтыя ўпаўнаважаныя, па узаемным прад’яўленні сваіх паўнамоцтваў, знойдзеных складзенымі ў належнай форме і належным парадку, пагадзіліся аб наступным:

АРТЫКУЛ І.

У мэтах замацавання сяброўства паміж СССР і Летувой гор. Вільня і Віленская вобласць перадаюцца Савецкім Саюзам Летувіскай Рэспубліцы з уключэннем іх у склад дзяржаўнай тэрыторыі Летувы і усталяваннем мяжы паміж СССР і Летувіскай Рэспублікай згодна прыкладзенай мапе, прычым больш падрабязна гэтая мяжа будзе апісана ў дадатковым пратаколе.

АРТЫКУЛ ІІ.

Савецкі Саюз і Летувіская Рэспубліка абавязваюцца аказваць адзін аднаму ўсялякую дапамогу, у тым ліку і вайсковую, у выпадку нападу або пагрозы нападу на Летуву, а таксама ў выпадку нападу або пагрозы нападу праз тэрыторыю Летувы на Савецкі Саюз з боку любой еўрапейскай дзяржавы.

АРТЫКУЛ ІІІ.

Савецкі Саюз абавязуецца аказваць Летувіскаму Войску дапамогу на ільготных умовах узбраеннем ды іншымі вайсковымі матэрыяламі.

АРТЫКУЛ IV.

Савецкі Саюз і Летувіская Рэспубліка абавязуюцца сумесна ажыццяўляць абарону дзяржаўных межаў Летувы, для чаго Савецкаму Саюзу прадастаўляецца права трымаць ва ўсталяваных па ўзаемнай дамове пунктах Летувіскай Рэспублікі за свой кошт строга абмежаваную колькасць савецкіх наземных і паветраных узброеных сілаў. Дакладнае месцазнаходжанне гэтых войскаў і межы, у якіх яны могуць быць размешчаныя, іх колькасць у кожным асобным пункце, а таксама ўсе іншыя пытанні, як гаспадарчага, адміністрацыйнага, юрысдыкцыйнага характару і іншыя, якія ўзнікаюць у сувязі са знаходжаннем савецкіх узброеных сілаў на тэрыторыі Летувы , згодна з гэтаю Дамоваю будуць рэгулявацца адмысловымі пагадненнямі.

Неабходныя для гэтай мэты ўчасткі і пабудовы будуць адводзіцца Летувіскім Урадам на правах арэнды па падобным кошце.

АРТЫКУЛ V.

У выпадку пагрозы нападу на Летуву альбо на СССР праз тэрыторыю Летувы, абодва Дамаўляючыяся Бакі неадкладна абмяркуюць склаўшаеся становішча і прымуць усе меры, якія будуць па ўзаемнай згодзе прызнаныя неабходнымі, для забеспячэння недатыкальнасці тэрыторыі Дамаўляючыхся Бакоў.

АРТЫКУЛ VI.

Абодва Дамаўляючыхся Бакі абавязваюцца не заключаць якіх-небудзь саюзаў ці ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з Дамаўляючыхся Бакоў.

АРТЫКУЛ VII.

Правядзенне ў жыццё гэтай Дамовы анi ў якiм разе не павінна закранаць суверэнных правоў Дамаўляючыхся Бакоў, у прыватнасці, іх дзяржаўнага ладу, эканамічнай і сацыяльнай сістэмы, ваенных мерапрыемстваў і, навогул, прынцыпу неўмяшання ва ўнутраныя справы.
Месцы знаходжання савецкіх наземных і паветраных узброеных сілаў (арт. IV гэтай Дамовы) пры ўсіх абставінах застаюцца складовай часткай тэрыторыі Летувіскай Рэспублікі.

АРТЫКУЛ VIII.

Тэрмін дзеяння гэтай Дамовы ў частцы, якая тычыцца абавязацельстваў ўзаемнай дапамогі паміж СССР і Летувіскай Рэспублікай (арт. Арт. II-VII), – пятнаццаць гадоў, прычым, калі за год да заканчэння названага тэрміну адзiн з Дамаўляючыхся Бакоў не прызнае неабходным дэнансаваць устаноўленых на тэрмін пастановаў гэтай Дамовы, гэтыя пастановы аўтаматычна захоўваюць сілу яшчэ на наступныя дзесяць гадоў.

АРТЫКУЛ ІХ.

Гэтая Дамова ўступае ў сілу па абмене актамі аб ратыфікацыі. Абмен актаў будзе зроблены на працягу шасці дзён з дня падпісання гэтай Дамовы ў горадзе Коўна.
Гэтая Дамова складзеная ў двух арыгіналах, на расейскай і летувіскай мовах, у горадзе Маскве, 10 кастрычніка 1939 г.,

В. Молатаў

Ю. Урбшыс

На галоўную старонку