Уступіла ў дзеянне 26 красавіка 1996 г.
Рэспубліка Беларусь і Летувіская Рэспубліка, якiя далей называюцца “Дамаўляючыеся Бакі”, кіруючыся мэтамі і прынцыпамі Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, палажэннямі Хельсінкскага Заключнага акту ды іншых дакументаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, грунтуючыся на палажэннях Дэкларацыі аб прынцыпах добрасуседскіх адносінаў паміж Рэспублікай Беларусь і Летувіскай Рэспублікай ад 24 кастрычніка 1991 г., улічваючы волю народаў Беларусі і Летувы да далейшага развіцця добрасуседскіх адносінаў, жадаючы ўсталяваць дзяржаўную мяжу паміж Рэспублікай Беларусь і Летувіскай Рэспублікай, дамовіліся аб наступным:
Артыкул 1.
Лінія дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Летувіскай Рэспублікай праходзіць ад сутыку межаў Рэспублікі Беларусь, Летувіскай Рэспублікі, Латвійскай Рэспублікі агульным кірункам на паўднёвы захад праз возера Дрысвяты, па рацэ Апівардка, праз азёры Апіварда і Прутас, затым па рацэ Дзісна ва ўсходнім кірунку і далей да чыгуначнай станцыі Гадуцішкі. Далей праходзіць на поўнач ад беларускага населенага пункта Лынтупы, перасякае шашу Маладэчна – Вільня на ўсход ад летувіскага населенага пункта Шумшкас, абгінае з усходу, поўдня і захаду раён летувіскага населенага пункта Дзевянішкес, затым перасякае шашу Ліда – Вільня на поўнач ад беларускага населенага пункта Беняконі і далей праходзіць па рацэ Шальча. Затым ідзе на поўдзень ад летувіскага горада Эйшышкес, далей па рацэ Начка, абгінае з поўдня летувіскі населены пункт Дубічай, выходзіць да вытока ракі Катра і далей па ёй, а затым праз возера Груда і Дуб. Далей перасякае чыгунку Горадня – Вільня ля прыпыначнага пункту Сенава, а чыгунку на Друскінінкай перасякае на поўнач ад станцыі Парэчча, адкуль ідзе на захад да ракі Нёман і ўверх па ёй супраць плыні, а затым па рацэ Марыха да сутыку беларуска-летувіска-польскай мяжы.
Гэтая лінія пазначаецца ў гэтай Дамове словамі “дзяржаўная мяжа” ці “лінія дзяржаўнай мяжы”.

Артыкул 2
Для правядзення на мясцовасці лініі дзяржаўнай мяжы, якая вызначаная ў артыкуле 1 гэтае Дамовы (дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы), Дамаўляючыяся Бакі ствараюць Змешаную дэмаркацыйную камісію, у якую ўваходзяць па тры прадстаўнікі ад кожнага з Дамаўляючыхся Бакоў. Камісія ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе Палажэння аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Летувіскай Рэспублікай, зацвярджаемага ўрадамі Дамаўляючыхся Бакоў.
Артыкул 3
Лінія дзяржаўнай мяжы, пазначаная ў выніку дэмаркацыі, наносіцца на мапы маштабу 1:10.000, якія вырабляюцца ў чатырох экзэмплярах. Надпісы на картах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь наносяцца на беларускай мове, на тэрыторыі Летувіскай Рэспублікі – на летувіскай мове. Адначасова складаецца апісанне дзяржаўнай мяжы ў двух экземплярах, кожны на беларускай і летувіскай мовах.
Артыкул 4
Ўздоўж дзяржаўнай мяжы усталёўваецца паласа шырынёю ў дзесяць метраў (па пяць метраў у абодва бакі ад лініі дзяржаўнай мяжы або ад урэзу вады памежных рэкаў ды вадаёмаў).
Артыкул 5
Дзяржаўная мяжа дзеліцца на ўчасткі роўнай працаёмкасці, размяркоўваемыя дзеля ўпарадкавання паміж Дамаўляючыміся Бакамі па рашэнні Змешанай дэмаркацыйнай камісіі. Працы па дэмаркацыі і афармленню дзяржаўнай мяжы на сваіх участках аплачваюцца кожным з Дамаўляючыхся Бакоў асобна. Пытанне аб ураўноўванні колькасці выдаткаў па выкананні працаў не ставіцца.
Артыкул 6
Рэжым дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Летувіскай Рэспублікай усталёўваецца асобным пагадненнем.
Артыкул 7
Гэтая Дамова падлягае ратыфiкацыi i ўступае ў сiлу ў дзень абмену ратыфікацыйнымі граматамі, які адбудзецца ў г. Мінску.
Здзейснена ў Вільні 6 лютага 1995 г. у двух экзэмплярах, кожны на беларускай і летувіскай мовах, прычым абодва тэксты маюць аднолькавую сілу.