Як манахі-студыты габрэяў ратавалі (І ч.)

На што ішлі манахі мітрапаліта Шаптыцкага дзеля выратавання габрэяў? Хто быў ня супраць зарабіць на бядзе бліжняга? Як працавала сістэма канспірацыі і колькі разоў сетка была на мяжы правалу? Пра гэта і многае іншае ў інтэрвію з аўтарам кнігі “Покликані”, якая выйшла ў выдавецтве “Дух і Літера”, кандыдатам гістарычных навук Юрыем Скірай.

Міхал Гольд: Аб дзейнасці мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага даўно і шырока вядома, але фігура яго брата – Клімента – застаецца ў цяні. Што гэта быў за чалавек, прызначаны мітрапалітам “галоўным каардынатарам” па выратаванню габрэяў?

Пачнем з таго, што манахам ён стаў у 42 гады, а сан атрымаў у 46. Яго свецкая кар’ера складалася бліскуча – вучоба ў Мюнхене і Сарбоне, ступень д-ра права знакамітага Ягелонскага універсітэта, шмат гадоў Кліменцій быў дэпутатам Аўстрыйскага парламенту і Галіцкага сейму, вёў адвакацкую практыку. У 1911-м ён сыходзіць у манастыр і з таго часу вядзе жыццё аскета. Яго пляменнік Ян Казімір успамінаў, што дзядзька спаў седзячы, абапіраючыся на парэнчы ложку. Галоўнаю рысаю характару Клімента была гатоўнасць жыць дзеля іншых. Таму нядзіўна, што мітрапаліт абраў для гэтай небяспечнай місіі самага блізкага чалавека, якому бясконца давяраў.

Зразумела, Шаптыцкім было на каго абаперціся. Пасля савецкіх рэпрэсіяў 1939 – 1941 гг.. у манастырах засталіся самыя трывалыя манахі, глыбока адданыя свайму пакліканню. Першая савецкая акупацыя Галічыны навучыла іх супрацьстаянню таталітарнай сістэме. Гэтыя людзі, якія прывыклі да небяспецы арышту, без ваганняў адгукнуліся на заклік мітрапаліта схаваць габрэяў, якіх пераследуюць.

М.Г .: Галоўным сховішчам стаў, наколькі я разумею, сабор святога Юра?

Хутчэй, каардынацыйным цэнтрам і першым перавалачным пунктам для тых, каму падшуквалі надзейнае сховішча. Ролю прытулку сабор выконваў не ўпершыню – у эпоху пацыфікацыі мітрапаліт распарадзіўся пераабсталяваць частку памяшканняў пад шпіталь для параненых польскай паліцыяй украінцаў, якім дзяржаўныя бальніцы не аказвалі дапамогі. Пасля прыходу Саветаў тут два месяцы хаваліся сваякі Шаптыцкага, ды і падчас нямецкай акупацыі ў палацы мітрапаліта давалі прытулак шмат каму, хоць габрэі займалі асаблівае месца.

М.Г .: Некаторым пашчасціла схавацца ў суседзяў ці знаёмых, але гэта часта патрабавала велізарных выдаткаў …

Бескарыслівасць манахаў добра ілюструе гісторыя Марка Вайнтрауба, які некалькі тыдняў хаваўся ў падвалах сабору, у той час як яго сям’я заставалася ў гета. Сумуючы, мужчына прыняў цяжкае рашэнне – вярнуцца да родных. Манахі былі ў роздумах – апынуўшыся ў руках немцаў, Вайнтрауб пад катаваннямі мог выдаць прытулак, што выракла б на смерць як выратаваных, так і выратавальнікаў. І ўсё ж Кліменці вынес вердыкт: “Ты вольны заставацца тут, колькі спатрэбіцца, але, калі хочаш, – можаш ісці”. Тым жа вечарам малады святар вывеў Марка без зоркі Давіда на вопратцы з палаца мітрапаліта і правёў у гета. З гэтага моманту пачынаецца гісторыя пакут сям’і Вайнтрауб, якая ілюструе, наколькі небяспечна спадзявацца на людзей, для якіх выратаванне чужога жыцця – не галоўная мэта.

Маці Вайнтрауба знайшла бедную жанчыну – прыбіральшчыцу спортклуба «Сокал», нейкую Гардзінскую, якая прытуліла сям’ю за дваццаць пяць тысяч злотых у месяц – прыкладна чвэрць кілаграма золата! Першыя тры месяцы ўсё было выдатна, але грошы звялі Гардзінскую з розуму – яна стала ладзіць дома вечарынкі, арганізоўваць прыёмы ў садзе, заказвала на вячэру палову цяля, калі ў горадзе амаль галадалі. Пайшлі чуткі, што кабетка хавае габрэяў, тройчы Вайнтраубаў затрымлівалі, і кожны раз яны адкупляліся. Затым імі пачалі гандляваць – дзве настаўніцы за грошы пагадзіліся прыняць сям’ю на месяц.

Потым іх вярнулі Гардзінскай, і тая ўладкавала габрэяў на гарышчы дома таварыства «Сокал», дзе працавала прыбіральшчыцай і дзе размяшчалася аддзяленне СС. Шантажысты здагадваліся пра месцазнаходжанне Вайнтраубаў, але баяліся набліжацца да гэтага будынка. Там сям’я пражыла дзевятнаццаць месяцаў. Калі ў іх скончыліся грошы, Гардзінская прывяла адваката, і Якуб Вайнтрауб перапісаў на яе два дамы ў Львіве. У выніку ім удалося выратавацца, але гаворка ідзе пра адно з найбагацейшых сямействаў горада, чые матэрыяльныя магчымасці былі амаль неабмежаваныя.

М.Г .: Акрамя Клімента Шаптыцкага, хто быў ключавым звяном у справе выратавання габрэяў?

Сакратары мітрапаліта – а. Іван Котаў, а. Уладзімір Грыцай. Асаблівым даверам мітрапаліта карыстаўся Грыцай, якому давяралі вырашаць экстраныя сітуацыі. Аднойчы ў двор сабора св. Юры ўварвалася група габрэяў, уцекачоў ад аблавы. Мітрапаліт выклікаў Грыцая і папрасіў схаваць няшчасных ў сваёй кватэры. Той замкнуў у сябе ўцекачоў на ключ, але неўзабаве з ператрусам уварвалася гестапа. Шаптыцкі даручыў а. Уладзіміру паказваць «гасцям» пакой за пакоем і калі немцы падышлі да памяшкання сакратара, гестапавец спытаў, хто тут жыве. Супакоены, што гэтая келля самога “экскурсавода”, нацыст прайшоў далей.

Асабістым клопатам а. Уладзіміра быў даручаны рабін Давід Каханэ (у будучыні – галоўны рабін ВПС Ізраіля, – М.Р.). Ён успамінае, што Грыцай “вельмі цёпла ставіўся да габрэяў і шчыра ім спачуваў”. Вядома, што святар часта сам праяўляў ініцыятыву і ратаваў габрэяў на вуліцах Львіва.

Іншы сакратар – а. Іван Котаў – працаваў з духавенствам Львіўскай епархіі, размяшчаючы габрэйскіх дзяцей у надзейных дамах і кляштарах. Абодва сакратара падтрымлівалі кантакты з жыхарамі львіўскага гета, адшукваючы магчымасці выратавання сем’яў. Пасля ліквідацыі УГКЦ ў 1946 годзе абодва былі арыштаваныя органамі НКУС і прысуджаныя да доўгага зняволення.

Неабходнасць строгай канспірацыі пры выратаванні габрэяў прыводзіла часам да кур’ёзаў. У саборы св. Юра хавалася сям’я аптэкара Юзэфа Падошына, які сябраваў з манахамі-студытамі яшчэ з даваенных часоў. Для выратавання сям’і яе прыйшлося падзяліць – сына аптэкара, сямігадовага Людвіка, апекаваў малады святар а. Ануфрый Іванюк, які аддаў хлопчыка сваім сваякам у роднае сяло. Там з радасцю прынялі дзіцяці, лічачы яго пазашлюбным сынам Ануфрыя, які прыняў зарок бясшлюбнасці. Чуткі дайшлі да святара сяла, той паскардзіўся епіскапу, у выніку Ануфрый паўстаў перад дысцыплінарным судом і панёс суровае пакаранне. Ён нават не спрабаваў абараняцца, думаючы толькі пра бяспеку Людвіка. Толькі пасля вайны святар распавёў праўду і быў рэабілітаваны.

М.Г .: Дзе яшчэ, акрамя палат самога мітрапаліта, студыты хавалі габрэяў?

У манастыры святога свяшчэннамучаніка Язафата і ў Свята-Іванаўскай Лаўры хавалі, у асноўным, габрэйскіх дзяцей. Тут хвыкаўся з манаскім жыццём (ўздым у 3.30 раніцы, пост тры разы на тыдзень і г.д.) 16-гадовы сын рэфармісцкага рабіна Курт Левін, не прымаючы пры гэтым святога Прычасця. Звычайна выкарыстоўвалася іншая схема, калі падапечнага цалкам ізалявалі ад знешняга свету, зводзячы да мінімуму рызыку даносу. Але знешнасць Курта Левіна дазваляла яго “апазнаць”, хоць юнака пастаянна перамяшчалі з аднаго студытскага манастыра ў іншы, каб у ім не распазналі габрэя.

Курт Левін (другі справа) з братамі студытамі.

Ераманах Ціт вучыў Левіна ўкраінскай і царкоўнаславянскай мове, звычаям і асаблівасцям жыцця ў манастыры, у вольны час Курт шмат чытаў па-ўкраінску. Яго прынялі ў манаскім коле, але ня ўсё … Ераманах Рафал (Раман Хомін) здагадаўся аб паходжанні Левіна і запатрабаваў выгнаць яго з манастыра, мяркуючы, што знішчэнне габрэяў – воля Божая, якой нельга пярэчыць. Курта хутка перавялі ў іншае месца далей ад Рафала. Ці быў Хомін антысемітам? Верагодна, але гэты ж чалавек выратаваў двух габрэйскіх дзяцей з львіўскага гета, выдаў ім метрыкі аб хросту, зладзіў у прытулак і наведваў іх.

Для насельнікаў манастыра Язафата габрэі былі не ў навіну – да вайны манахі закуплялі муку і прамысловыя тавары ў габрэйскіх крамах. Калі ў 1943-м у манастыры хаваліся Курт Левін і Давід Каханэ,егумен – ераманах Ніканор – сабраў студытаў і папрасіў, каб у выпадку выяўлення габрэяў хтосьці адзін узяў на сябе адказнасць, захаваўшы жыццё ўсім астатнім. Характэрна, што ўсе выказалі гатоўнасць ахвяраваць сабой.

М.Г .: Мы гаворым пра манахаў, але нельга скідаць з рахунка выпадковых мінакоў, цікаўных суседзяў і г.д.?

За манастыром сачылі. Каханэ ўспамінае, што з яго з’яўленнем у абіцелі пачаліся ператрусы. У размове з ім брат Савасьцян выказаў здагадку, што хтосці данёс, бо адзін з ператрусаў у сярэдзіне верасня 1943 г. быў асабліва дбайным, а на працягу зімы такіх ператрусаў студыты перажылі шэсць.

Было страшна – як манахам, так і габрэям. “Знаходзячыся пераважна ў манастыры, за выключэннем штодзённых паходаў у сабор св. Юра, я страціў упэўненасць у сабе, – успамінаў Курт Левін. – Новапрыбыл ераманах Герман, паназіраўшы трохі за мною, сказаў у трапезнай, што я стаў выглядаць і паводзіць сябе, як габрэй. І дадаў, што нехта можа адчуць мой страх, параіў ад гэтага страху пазбавіцца. У наступную нядзелю мяне папрасілі суправаджаць а. Германа ў якасці д’яка. Мы пачалі штотыдзень хадзіць праз увесь горад у парафіі на ўскраінах Львіва. А. Герман адпраўляў літургію, я прыслужваў яму, спяваў антыфоны, пракімен і чытаў Апостала. Гэтыя нядзельныя экскурсіі дадалі мне адвагі, і мы сталі з а. Германам добрымі сябрамі”.

Дарэчы, здагадка аб сачэнні апраўдалася – у справе №1697 ад 1964 года, якое КДБ адкрыла супраць ераманаха Германа (Будзінскага), ёсць сведчанні, што людзі ведалі пра тое, што ў манастыры хаваюць габрэяў.

М.Г .: Час быў галодны, габрэі жылі на нелегальным становішчы, хто даваў сродкі на іх пражыццё?

Гэтая асобная праблема, вырашэнне якой было ўскладзена на а. Германа. Ён павінен быў рэалізоўваць нямецкія прадуктовыя карткі, але гэтага было відавочна недастаткова, таму грошы на ежу для габрэяў, якія хаваліся ў манастыры св. Язафата, перадаваў мітрапаліт Андрэй Шаптыцк і былы прафесар Львіўскай багаслоўскай акадэміі а. Сцяпан Рудзь. Частку прадуктаў а. Герман купляў за ўласныя грошы, у тым ліку і для сваякоў Левіна, якія хаваліся ў прытулку для сірот сясцёр-студытак на вул. Табарава, 55. “Многія сем’і, якія жывуць у Ізраілі, менавіта Будзінскаму абавязаныя сваім выратаваннем, – успамінаў Каханэ. – Ён дапамагаў ім выйсці з гета, знаходзіў прытулкі … перадаваў харчаванне жыхарам гета.

>>>Працяг артыкулу<<<

На папярэднюю старонку. Спевы УГКЦ.

На галоўную старонку