Пра нас і пра нашыя руіны

Ці часта мы задумваемся, хто мы такія? Адкуль прыйшлі і куды ідзем? Чые мы нашчадкі, і калі з’явілася на свет нашая дзяржава, раскінутая калісці ад Смаленска да Беластока? Адказы на гэтыя пытанні ўплываюць на нашае бачанне і на тое, якім чынам мы будзем далей працаваць дзеля будучыні краіны на далёкую перспектыву. Стаўленне грамадства да гісторыі выконвае важную ролю ў фармаванні лёсу Бацькаўшчыны. Чым больш грамадзяне любяць сваю краіну і цікавяцца яе культурна-гістарычнай спадчынай, тым больш адказнымі будуць у будаванні нашага агульнага дому. Таму мы з надзеяй чакаем уздыма патрыятычных настрояў сярод беларусаў-літвінаў і далейшага аднаўлення сувязі паміж мінулым і цяперашнім дзеля надзеі нашых нашчадкаў.

На фоне шматвяковага знішчэння нашага народу, нашае культуры, быццам каліўца скрозь асфальт, праз наш зацьвярдзелы соцыюм пачаў прабівацца рух літвінізму. У гэтым руху можна ўбачыць пэўную самаахвярнасць, бо ў чымсьці ён апярэджвае свой час (альбо безнадзейна спазняецца), таму нярэдка гэтая з’ява не знаходзіць паразумення ў іншых. “Літвінізм” – прадукт часу? Новы погляд на нацыянальны ўздым? Спробы самазахавання беларускага народу?

А можа гэта маргінальная з’ява? Так, яна можа быць маргінальнай, але толькі ў асяродку тых асобаў, якія пагардліва супрацьстаўляюць сябе іншай частцы нашага народу, свядома аддзяляючыся ад цэлага. Для такіх этна-культурных індывідумаў “літвінства” – гэта выконванне нейкай сваёй ролі і, магчыма, “нясенне” нейкай суб’ектыўнай культурнай місіі. Але такім людзям узрастаць няма куды ды й навошта гэта ім. Той бок гэта шлях у нейкім сэнсе да літвінскага “гетто”. Напрыканцы ХІХ пачатку ХХ ст. шэраг даследчыкаў па сацыяльнай антрапалогіі (Р. Парк, Э. Бэрджэс, О. Льюіс) апісвалі сітуацыю перасялення праблемнай сям’і ў добраўпарадкаваную кватэру. Але сям’ю не змяніла змена жытла, бо засталася былая маргінальная самасвядомасць. Так і мы, вярнуўшы назвы краіне і народу, не пазбавімся па інэрцыі ад сваіх хібаў, бо гэта ўнутраная праца, якую трэба праводзіць незалежна ад знешніх рэчаў. Добра, што працэс маргінальнасці не з’яўляецца незваротным.

Але, вернемся да больш шырокіх грамадскіх з’яваў. Нажаль, часам цяжка ўбачыць адзінства ў поглядах сярод патрыётаў Бацькаўшчыны. Увогуле, у паняцце “патрыятызм” кожны ўкладае нешта сваё. Для адных галоўнае – гэта дасягненні сацыяльных рэчаў у спажывецкай сферы, альбо гэта новамодныя сістэмы ліберальных каштоўнасцяў, шмат з якіх накіраваныя супраць чалавечай прыроды (ЛГБТ, гендэрная ідэалогія, ды інш.) Калі ў патрыятызме маральныя ці духоўныя прынцыпы, гонар, аказваюцца падуладнымі матэрыяльным прынцыпам, калі жэрсці і юрлівасць пачынаюць кіраваць чалавекам, тады свядомасць пачынае змяняцца не ў лепшы бок. Але ж, ці можна сказаць, што той ці іншы літвін больш “літвінскі”, альбо, што той ці іншы беларус больш “беларускі”? Вобразна кажучы, мы сядзім у розных акопах, але глядзім у адным кірунку. Усе мы належым да розных вымярэнняў аднаго народу і ў розны спосаб удзельнічаем у яго станаўленні.

Трохі дзіўна выглядае такая вялікая колькасць патрыётаў, з’ехаўшых з краіны. Безумоўна, ёсць людзі, якія былі вымушаныя з’ехаць. Але, ці не падобная гэтая масавая тэндэнцыя на сдачу краіны без бою? Калі ўцякаць з краіны, дык лепш у Вільню ці Беласток, на свае этнічныя землі, удзельнічаючы там у адраджэнскіх працэсах.

Вернемся да праблемы адзінства ў поглядах. Не сакрэт, што сярод патрыётаў маюць месца шмат падзелаў, вынікаючых з супрацьлеглых поглядаў на адныя і тыя ж рэчы, вынікам якіх з’яўляюцца спрэчкі. У таталітарных грамадствах могуць з’яўляцца “двайнікі сістэмы”: людзі апазіцыйных да ўлады поглядаў, але пры гэтым яны карыстаюцца тымі ж метадамі што да апанентаў, якія перанялі ў сістэмы (кіданне лайна на вентылятар ды інш.). Яны – прадукт сістэмы, хоць і адстойваюць іншыя погляды.

Канешне, чалавеку прасцей адстойваць сваю рацыю, чым навучыцца слухаць суразмоўцу, шукаючы ўзаемапаразумення. Бывае, што нам бракуе элементарнае павагі адно да аднаго. Таксама на нашыя светапогляды могуць ўплываць розныя клішэ, якія, як паразіты, сядзяць у нашых галовах і адводзяць нас некуды ўбок ад галоўнага, перашкаджаючы пры гэтым пачуць і зразумець думкі іншага чалавека. Вынік гэтага нярадасны: народ раз’ядноўваецца, а значыць і краіна слабее на радасць ворагам, якія праяўляюць кемлівасць, сварачы нас паміж сабою, а мы нібыта выконваем ролю гульцоў у чужой гульні. А звычайныя людзі, гледзячы на такія спрэчкі сярод патрыётаў, проста пачынаюць негатыўна ставіцца да ўсяго нацыянальнага.

Вось прыклад непаразуменняў сярод патрыётаў. Чалавек пачаў цікавіцца гісторыяй, дайшоў да Кастуся Каліноўскага, у выніку чаго палюбіў сваю краіну і адчуў сябе свядомым беларусам. Гэта цудоўна. Але, калі ён пачынае іншых беларусаў, “не дасягнуўшых яго ўзроўню нацыянальнай свядомасці”, якія да ўшанавання гісторыі ставяцца абыякава, называць “ватнікамі”, ці неяк па-іншаму абражаць? Трэба ўлічваць, што сёння мы жывем у ментальным палоне некаторых суседзяў, што моцна ўплывае на светапогляды суграмадзянаў. Таму з суразмоўцамі трэба спрабаваць працаваць, а не абражаць іх, тым самым ўзводзячы бар’еры ўнутры грамадзянскай супольнасці. Ці іншы прыклад: пачаў беларус цікавіцца гісторыяй ранейшай за часы Кастуся Каліноўскага, фактамі з гісторыі ВКЛ, усвядоміў сябе нашчадкам літвінаў. Гэта канешне добра, але часам бываюць выпадкі, калі літвін пачынае абражаць іншых суайчыннікаў (напрыклад, абзываць “быдларусамі” ды інш.). Падставы такіх паводзінаў могуць быць розныя: ці недахоп асабістай адказнасці перад суразмоўцамі, ці эгаізм альбо хворая псіхіка, ці атрыманне замежных грандаў. Недабразычліўцы прагнуць унесці да нас падзел тым, што хочуць штучна падзяліць народ на літвінаў і беларусаў, а потым сутыкнуць іх ілбамі. Інтэрнэт перапоўнены тролямі, якія дзе толькі магчыма сеюць злобу. Навошта мы часам паддаемся гэтым уплывам? Зараз мы завемся беларусамі, раней зваліся літвінамі. Але, незалежна ад назвы ці асабістай свядомасці, мы адзін і той самы народ. Таму пажадана быць пільнымі да правакацыяў і пазбягаць пастак. Магчыма, калісці беларусы і вернуць сваю слаўную саманазву, але пакуль мы жывем у пэўнай рэальнасці, у якой не мусім губляць сябе і дбаць пра тое, каб разам будаваць нашую будучыню.

Таму варта быць мудрымі, не паддавацца на правакацыі і шукаць грамадзянскага паяднання ў любові да Радзімы, выкрываючы і пераадольваючы ўсе бар’еры паміж намі.

На гэтым сайце мы паспрабуем разгледзіць некаторыя пытанні, на падставе якіх узнікаюць спрэчкі. Напрыклад, пытанні лінгвістыкі, рэлігіі, геральдыкі, стаўленне да Крэўскае вуніі ды да іншых рэчаў, таксама тут проста можна паглядзець тэматычныя ролікі, звязаныя з нашай гісторыяй і пытаннямі рэлігіі.

Апроч усяго на сайце можна знайсці тэксты некаторых міжнародных дакумантаў, якія паўплывалі на нашую гісторыю і змест якіх выкарыстаны на старонках гэтага рэсурсу.

1920 г. Мірная дамова паміж Расеей і Летувой.

1939 г. Пакт Молатава-Рыбентропа.

1939 г. Дамова аб перадачы Летувіскай Рэспубліке горада Вільня і Віленскай вобласці і аб узаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Летувой.

1995 г. Дамова паміж Рэспублікай Беларусь і Летувіскай Рэспублікай аб беларуска-летувіскай дзяржаўнай мяжы.

2004 г. Праграма трансмежавага супрацоўніцтва (ПТС).

2008 г. Праграма Усходняе Партнёрства (ПУП).